Лукашэнку запрасілі ў Аўстрыю


Аўстрыйскі канцлер Зэбаст’ян Курц запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Аўстрыю. Гэта адбылося 29 траўня падчас тэлефоннай размовы двух палітыкаў.

«Зэбаст’ян Курц запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Аўстрыю. Прыняўшы запрашэнне, прэзідэнт Беларусі ў сваю чаргу запрасіў Федэральнага канцлера прыехаць у Беларусь у суправаджэнні дзелавых колаў», – паведамляе БелТА.

Па дадзеных агенцтва, палітыкі абмяркоўвалі нядаўнюю канферэнцыю «Менскі дыялог», а таксама запланаваную на восень у Беларусі сустрэчу асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

Акрамя таго, Лукашэнка і Курц закранулі ў размове тэмы функцыянавання беларускага сектара тэлекамунікацыяў, у прыватнасці, працы на рынку і далейшага развіцця кампаніі velcom, якая з’яўляецца даччынай кампаніяй аўстрыйскага холдынгу Telekom Austria AG.

Аўстрыйскія СМІ пакуль нічога не паведамляюць пра размову Курца з Лукашэнкам.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў