Лукашэнку заклікалі падумаць пра Колю і спыніць наркатрафік з Расеі


Палітолаг Уладзімір Падгол накіраваў кіраўніку краіны адкрыты ліст, у якім заклікае ўвесці наркакантроль на мяжы з Расеяй.

Свае прапановы Уладзімір Падгол падмацоўвае дадзенымі медыяў, у тым ліку дзяржаўных, паводле якіх, наркатычныя рэчывы паступаюць у Беларусь праз мяжу з Расеяй.

Аўтар ліста звяртае ўвагу на тое, што спробы ўвесці наркотыкі рэгіструюцца на заходняй мяжы Беларусі, у той час як усходнюю мяжу з Расеяй забароненыя рэчывы перасякаюць без перашкодаў. Акрамя таго, піша палітолаг, яго размовы з рознымі людзьмі паказалі:

«тыя, ад каго залежыць увядзенне наркакантролю на мяжы з Расеяй, маюць сваю долю ад наркатрафіка», яны «хочуць знішчыць моладзь Беларусі наркаатрутай», а таксама «баяцца пагрозаў алігархаў».

Уладзімір Падгол паведамляе ў лісце, што праграма Партыі БНФ, сябрам якой ён зʼяўляецца, змяшчае палажэнне аб стварэнні паўнавартаснай мяжы Беларусі і Расеі, уключаючы наркакантроль.

«Звяртаюся да вас з надзеяй, што, вырашаючы гэтае пытанне, вы будзеце думаць пра лёс свайго малодшага сына Колі і ўнучак, як і я думаю пра лёс свайго малодшага сына Марыюша і ўнукаў», – гаворыцца ў адкрытым лісце.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў