«Лукашэнку непакоіць, за каго будзе ваяваць войска». Інтэрв'ю з польскай даследчыцай Беларусі


«Менск вельмі моцна задумаўся над урокамі Украіны» і таму пачаўся працэс «мяккай беларусізацыі». Так лічыць Анна Марыя Дынэр, кіраўнік праграмы «Усходняя Еўропа» Польскага інстытуту міжнародных справаў – дзяржаўнага аналітычнага цэнтру. Польская палітолаг падрыхтавала аналіз «Выклікі для беларускай палітыкі бяспекі». У інтэрв’ю з Алінай Коўшык у «Прасвеце» Анна Марыя Дынэр заявіла, што «Расея будзе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі, як сваю». У гутарцы таксама вядзецца пра тое, навошта Лукашэнка пачаў казаць пра «Хельсінкі-2» замест Расеі.

Ці сапраўды гэты сцэнар, што Беларусь можа стаць плацдармам для наступу на заходнія дзяржавы, можа стаць рэальнасцю?

Мне здаецца, што так. Калі мы паглядзім на карту Еўропы, гэта бачна. І калі мы падумаем, над чым могуць задумвацца ў Генштабе ў Маскве. Яны сапраўды ўспрымаюць Беларусь, як уласную тэрыторыю. Некаторыя жартуюць, што яе можна назваць «Беларускай ваеннай акругаю». Гэта сапраўды праблема, бо ніхто не сумняецца, што беларускае войска не можа аказаць супраціў. У самым аптымістычным варыянце, беларускае войска не будзе замінаць расейцам, якія будуць дзейнічаць у Беларусі, як у сябе. Мне здаецца, усе гэта ведаюць і трохі спалоханыя гэтай сітуацыяй.

З іншага боку, Беларусь – гэта хаўруснік Расеі. Гэта ж нармальная сітуацыя, што хаўруснікі павінныя падтрымліваць адзін аднаго.

Вядома, але з іншага боку гэта незалежная дзяржава. Калі б Расея хацела напасці на краіны НАТО, тады было б добра, з пункту гледжання дзвюх краінаў, каб на гэта пагадзіўся афіцыйны Менск. Мы спадзяемся, што афіцыйны Менск ніколі гэтага не дазволіць і наагул, што такой вайны не будзе. Калі мы гаворым пра тое, пра што думаюць у Генштабе, такой магчымасці, напэўна, няма. І я баюся, што ніхто не возьме пад увагу тое, што скажуць беларускія ўлады.

А чаму менавіта цяпер брытанскі генерал Картэр пачынае казаць пра гэтую сапраўдную вялікую небяспеку, якой не было з часоў Халоднай вайны. Што здарылася? Прайшло паўгода з вучэнняў «Захад-2017» ці гэта проста аналіз ідзе так далёка і яны зразумелі?

Мне здаецца, ён гучна сказаў пра тое, пра што даўно было вядома ў генштабах НАТО. І тым больш пасля вучэнняў «Захад». Было відаць, як супрацоўнічаюць войскі абодвух бакоў. Было бачна, што Расея будзе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі, як сваю ўласную. Мне здаецца, у НАТО пачалі пра гэта не толькі думаць, але і сур’ёзна казаць.

А што сёлета будзе вызначаць галоўныя тэндэнцыі для Беларусі ў палітыцы бяспекі паводле разумення Захаду? Ці ёсць нейкія падзеі? Штосьці, што будзе вызначаць, як мы, беларусы, сябе будзем адчуваць у гэтым годзе.

Мне здаецца, што ніякіх зменаў не будзе. Беларусь будзе імкнуцца балансаваць паміж Усходам і Захадам, мець добрыя дачыненні з Масквой, Расеяй, а таксама Еўразвязам, дзяржавамі НАТО. Тым больш, што ўжо падчас вучэнняў «Захад» было відаць, што беларуская дыпламатыя зрабіла вельмі шмат для таго, каб проста палепшыць адносіны з НАТО, каб прадказаць, як будуць праходзіць вучэнні. Каб запрасіць назіральнікаў з боку НАТО. Было бачна, што беларусы крыху адрозніваліся ў гэтай палітыцы ад расейцаў.

То бок, яны паказалі сябе больш адкрытымі.

Так.

У сваім аналізе вы напісалі пра тое, што беларускія ўлады адчуваюць гэтую небяспеку з боку Расеі. Што канкрэтна яны могуць адчуваць і як могуць рэагаваць?

Я лічу, што ў Менску вельмі моцна задумаліся над урокамі Украіны. Украіна спачатку таксама ўспрымалася як саюзнік Расеі. Потым гэта змянілася. Цяпер у Беларусі над гэтым вельмі моцна думаюць. Я б сказала, у двух кантэкстах. Першы – гібрыдная вайна, пра якую шмат чуем і гаворым. Гэта палітыка Расеі ў дачыненні да беларускага грамадства, выкарыстанне таго, што большасць беларусаў гавораць па-расейску, выкарыстоўваюць расейскую культуру і г.д.

Па аналогіі з Данбасам.

Вядома. І з іншымі краінамі, дзе існуе расейскамоўная меншасць, гэта раз. Два – я не сумняюся, што Расея ніколі не дапусціць, каб Беларусь перайшла на Захад, змяніла вектар сваёй міжнароднай палітыкі. Таму што Расеі вельмі важна мець на сваім баку Беларусь з ваеннага пункту гледжання.

Чаму Беларусь такі каштоўны хаўруснік для Расеі? Што Беларусь можа даць Расеі, акрамя самой тэрыторыі?

Мне здаецца, гэта перш за ўсё тэрыторыя. Калі б мы падумалі, што ўстаноўкі НАТО стаялі б на ўсходняй мяжы Беларусі, гэта б азначала, што да Масквы 250-300 км. Ніякія сістэмы абароны тады амаль не змогуць спрацаваць. Гэта самы галоўны адказ. Не кажучы пра тое, што без Беларусі складаней абараняць Калінінградскую вобласць, яна для Расеі вельмі важная. Яна ўплывае на ўсю балтыйскую тэрыторыю. Таму Беларусь настолькі важная. Я сумняюся, што будзе ўкраінскі варыянт. Таксама мне здаецца, што ў Менску задумаліся пра тое, як супрацьстаяць гэтай гібрыднай вайне. І гэтая мяккая беларусізацыя, пра якую мы часта кажам – таксама адказ на гэтую праблему, каб паказаць, што мы, беларусы, незалежныя людзі, жывем у незалежнай дзяржаве і не зʼяўляемся часткай Расеі. Лукашэнка і яго асяроддзе вельмі моцна занепакоіліся тым, за каго будзе ваяваць войска. Таму што ўжо ва Украіне была праблема з лаяльнасцю. Перш за ўсё, вышэйшых афіцэраў, якія вучыліся ў Расеі. Такая ж сітуацыя ў Беларусі. Большасць афіцэраў служылі або вучыліся ў Расеі. Ёсць вельмі моцныя сувязі паміж вайскоўцамі.

І сувязі спецслужбаў таксама.

Вядома. Як паводзіць сябе ГРУ (рэд. Галоўнае ўпраўленне Генеральнага штабу РФ – вайсковая выведка Расеі) у Беларусі, шмат што паказвае. Ёсць праблема, хто будзе абараняць Беларусь. Тым больш, абодва Генштабы сканцэнтраваныя толькі на Захадзе (рэд. гаворка пра Паўночна-заходняе і Заходняе аператыўна-тактычныя камандаванні Узброеных сілаў РБ).

Вучэнні Захад-2017, фота Мінабароны РФ

Два цікавыя факты. Што насамрэч беларускае войска не здольнае самастойна бараніць тэрыторыю Беларусі, а таксама, што ўся нашая абарона скіраваная толькі на захад. Нічога не маем на ўсходзе.

Вядома. Гэта паказвае, як раней успрымалася пагроза для Беларусі. Што яна ёсць, але толькі на захадзе. Яна не на ўсходзе. І што Беларусь не зможа самастойна абараніць сваю краіну, даказалі вучэнні «Захад-2017», таму што калі ўзяць пад увагу той сцэнар, відаць, што Беларусь без Расеі не дала б рады.

Аляксандр Лукашэнка адбудаваў свой міжнародны аўтарытэт, дзякуючы менскім перамовам па Данбасе, якія праходзілі ў нашай сталіцы. Цяпер ёсць небяспека, што Назарбаеў хоча перацягнуць пляцоўку да сябе. Ці не страціць Лукашэнка на гэтым? Ён адначасова пачынае выступаць з іншай ініцыятывай. Ён пачынае казаць на высокім узроўні пра «Хельсінкі-2». Ці сапраўды «Хельсінкі-2» могуць стаць рэальнасцю і якім чынам Менск можа быць да гэтага датычны?

Вельмі цікава, пра праект «Хельсінкі-1» я ўжо чула ў Маскве ў 2014-2015 годзе. Тады было відаць, што ў Заходняй Еўропе ніхто не ўспрымаў гэта ўсурʼёз. Цяпер пра гэта вельмі гучна гавораць у Беларусі. Мне здаецца, трэба падумаць, навошта Лукашэнка пачаў гэта рабіць замест Расеі. Вядома, Беларусь хоча існаваць як нейтральная тэрыторыя перамоваў, таму што яна на гэтым вельмі выйграе. З Украінай таксама ёсць праблема. Але ўжо ў Астане адбываецца Астанійскі працэс, які тычыцца Сірыі. Мяркую, Назарбаеву хопіць гэтага.

Магчыма, і Пуцін не захоча перамоваў у Казахстане. Навошта яму пераводзіць перамовы, калі ў Менску ён фактычна ўсё мае пад кантролем?

Гэта раз, яшчэ мы павінныя спытаць украінцаў, што яны думаюць, пра змену месца, дзе будуць праходзіць перамовы.

Падсумоўваючы, ці мае Беларусь магчымасць самастойных крокаў у пэўных межах у нашай міжнароднай палітыцы і ў бяспецы?

Вядома, гэта ўласная палітыка, якая будзе ажыццяўляцца так, каб Беларусь самастойна магла выратаваць сябе. Гэта дарагавата, але такая магчымасць ёсць. І каб паціху пашыраць супрацу з НАТО, бо яна ёсць. Таксама Беларусь бярэ ўдзел у «Партнёрстве дзеля міру», невялікі, але ўсё ж бярэ. Калі Арменія, таксама добры саюзнік Расеі, прымае ўдзел у ваенных вучэннях і аперацыях НАТО, Беларусь магла б таксама падумаць пра гэта.

Магчыма, і для нас гэта было б нейкім наступным крокам.

Мне здаецца, што так, таму што можна азнаёміцца са стандартамі НАТО. Самыя добрыя злучэнні ва Украіне, якія змагаліся за краіну, гэта людзі, якія ў большасці сваёй мелі магчымасць супрацоўнічаць з НАТО раней.

То бок гэта вельмі добрая перспектыва для нас.

Мне здаецца, што так.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык.

 

Таксама ў праграме:

 

Стужка навінаў