Лукашэнку не выратуюць расейскія грошы. Што ён прывязе ад Пуціна?

На наступным тыдні кіраўнік Беларусі адправіцца ў Маскву. Якія спадзевы ўскладае Лукашэнка на расейскую сталіцу, і ці мае Крэмль магчымасць дапамагчы свайму заклятаму хаўрусніку?

Нібыта трохі няўпэўнена ў залу адной са сваіх рэзідэнцыяў на інтэрв’ю для расейскіх СМІ ўваходзіць звышпапулярны кіраўнік краіны. Месяц таму ён набраў больш за 80 % на выбарах, аднак святочнага настрою не адчуваецца.

А галоўнае для бяззменнага лідара Беларусі – хуткі візіт у Маскву, упэўненыя ўсе назіральнікі. З аднаго боку – з Расеі на Белтэлерадыёкампанію прыехалі штрэйкбрэйхеры. Усходні сусед нават стварыў рэзерву сілавікоў на чорны дзень. Але пры гэтым падкрэсліваецца, што на актыўную дапамогу Менск можа разлічваць выключна ў выпадку вонкавай агрэсіі. А пакуль – разбірайцеся самыя. То што ж вырашылі ў Крамлі наконт свайго заходняга хаўрусніка?

Каментуе палітолаг Вольга Харламава:

«Іх асноўная мэта – зрабіць так, каб легітымнасць Лукашэнка была мінімальнай. Чым ніжэйшая легітымнасць, тым прасцей выцягнуць з яго ўсё, што Расеі патрэбна. Па вялікім рахунку – тое ж самае патрэбна ў адносінах любога іншага боку».

Бо пакуль адныя расейскія прапагандысты латаюць дзіры ў Белтэлерадыёкампаніі, іншыя, ніколькі не заўважаныя ў сімпатыях да беларускай апазіцыі, задаюць пытанні пралукашэнкаўскім экспертам, на якія тыя ўцямнага адказу даць не могуць.

Як у фрагменце прапагандысцкага шоу Салаўёва: «Зʼявіліся нейкія людзі, у цывільным, з палкамі, якія пабеглі, разбілі вітрыны кавярняў, выхоплівалі людзей, збівалі людзей. А гэта хто такія?»

Гаворка пра людзей, што складалі кампанію кіраўніку Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Мікалаю Карпянкову. Апошні ў мінулую нядзелю асабіста і не хаваючы твару біў вітрыну ў сталічнай кавярні. І ў Расеі бачаць, што Лукашэнка нічога лепшага ў адказ на пратэсты не мае.

Гаворыць Андрэй Суздальцаў, Вышэйшая школа эканомікі, Масква:

«Як у апошнюю нядзелю – 220 000 у Менску. Дадайце сюды яшчэ абласныя цэнтры. Краіна – дзевяць з паловай мільёнаў. І ўвесь час выходзяць! Дык з чым прыязджае Лукашэнка – з пратэстам за спінаю? Як Януковіч у 2013 годзе: у мяне Майдан, дайце грошай?»

Беларускія адмыслоўцы пагаджаюцца: так, менавіта з гэтым Лукашэнка да Пуціна і паедзе. Але баяцца, што ў спадзеве атрымаць дапамогу той возьме і падпіша шматпакутную 31-ю інтэграцыйную мапу, не варта.

Каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Гэта для Крамля, канечне, спакусліва, але з іншага боку – Лукашэнка ж страціў легітымнасць і на захадзе, і ўнутры краіны, самае важнае. Таму для Крамля ёсць рызыка, што калі падпісаць нейкія крытычныя дамоўленасці, то заўтра пры змене ўлады будзе абвешчана, што яны – юрыдычна нікчэмныя».

На што ж можа спадзявацца Лукашэнка ў гэтых перамовах? І пра што ёсць сэнс размаўляць Пуціну з настолькі слабым калегам? Расею могуць цікавіць перадусім эканамічныя саступкі: адмова ад дыверсіфікацыі паставак нафты.

Вольга Харламава:

«Гэта пытанне газу і той доўг, які Расея плануе павесіць на Беларусь. Гледзячы па ўсім, Лукашэнка будзе прынамсі частку гэтага доўгу кампенсаваць, і Расея зацікаўленая ў тым, каб гэта адбылося дзесьці да кастрычніка».

І, вядома ж, лагістычныя пытанні, як перанакіраванне беларускіх грузаў з літоўскіх на расейскія парты, ад чаго Менск адбіваецца не першы год. Але цяпер за непрызнанне яго пагражае еўрапейцам уласнымі санкцыямі. Чым можа адказаць Крэмль на гэтую тэарэтычную шчодрасць?

Андрэй Суздальцаў:

«А чым дапамагчы? Грошы – не выратуюць. Ён жа кажа пра інтэграцыю, а сам хоча ўладу захаваць! Як дапамагчы? Сілавікоў накіраваць? Гэта будзе сусветны скандал! Ну і самае галоўнае – у Расеі ёсць разуменне, што… ну падпіша штосьці там Лукашэнка, але ён жа нічога не выканае!»

Як не выканае – упэўненыя ўсе нашыя суразмоўцы – і абяцання сваёй канстытуцыйнай рэформы. Планам выйсця з крызісу Менск падзяліўся з АБСЕ і з Масквой, неяк забыўшыся на беларусаў. Калі сцісла, канстытуцыйная рэформа – да 2022 года, абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта, а калісьці потым – новыя выбары. Паводле Вольгі Харламавай, выглядае як штосьці, падобнае да казахскага варыянту.

Прымусіць беларусаў да інтэграцыі. Што Лукашэнка і Пуцін хочуць змяніць у Канстытуцыі?

Вольга Харламава:

«Будзе створаная нейкая назіральная рада, бацька ўсіх беларусаў у выглядзе зразумела каго. Больш паўнамоцтваў перададуць парламенту. І абавязкова будзе адміністрацыйная рэформа з перадачай улады ў рэгіёны».

Бо сёння мясцовая ўлада мае такі ж узровень легітымнасці, як і асоба, што яе прызначае. Але спачатку Лукашэнку трэба канчаткова пазбыцца лідараў пратэстаў – Каардынацыйнае рады.

Аляксандр Класкоўскі:

«Зробяць імітацыйны круглы стол, працягнуць той праект канстытуцыі, які патрэбны Лукашэнку, а потым – няма ж ніякіх абяцанняў, што ён зробіць новыя выбары. Можа, наадварот, абнуліць свой тэрмін, як было пасля 1996 года».

Але ўсё гэта – будучыня хутчэй адлеглая. Блізкая ж паездка ў Маскву хутчэй расчаруе вертыкаль.

Андрэй Суздальцаў:

«Ну, давайце ўявім: Лукашэнка вяртаецца з 31-й мапай у Менск. Мне чамусьці падаецца, што гэта будзе не самая лепшая навіна для грамадзянаў Беларусі ў дадатак да ўсяго гэтага. А калі вяртаецца без гэтай мапы, то навошта ён Маскве? Вернецца зусім без нічога, то што ж скажуць ягоныя любімчыкі – сілавікі?»

У сваю чаргу апаненты Лукашэнкі, перадусім Святлана Ціханоўская і Павал Латушка, актыўна сустракаюцца з еўрапейскімі палітыкамі, каб абазначыць сябе як субʼектаў палітыкі. Пакуль Масква не выказвае жадання з імі нават размаўляць. Але калі Лукашэнка праваліць крамлёўскі экзамен на наступным тыдні, то хто ведае, ці не сустрэнецца прэмʼер Мішусцін і з той жа Ціханоўскай.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 10.09.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: Mikhael Klimentyev; Alexei Nikolsky / TASS / Forum; Natalia Fedosenko / TASS / Forum

 

Hавiны