Лукашэнкі не будзе на парадзе Перамогі 9 траўня ў Маскве


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер быць 9 траўня ў Менску і прымаць парад да 70-годдзя Перамогі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння журналістам на рэспубліканскім суботніку, перадае БелТА.

Лідар Беларусі таксама растлумачыў, што вайсковы парад можа прымаць толькі галоўнакамандуючы.

«Гэта недапушчальна, калі няма галоўнакамандуючага, а столькі войскаў выведзена ў сталіцу, гэта наагул, у прынцыпе, непрымальна. У Беларусі па Канстытуцыі, акрамя галоўнакамандуючага, ніхто не можа прымаць парад. Таму або парада не будзе, або будзе. Калі ёсць прэзідэнт – будзе парад», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка 9 траўня будзе ў Менску. «У нас 9 траўня будзе свой такі ж парад, як у Маскве», – сказаў лідар краіны.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ён усё ж такі наведае Маскву. «Напэўна, 7-8 траўня мы зможам з дэлегацыямі з Беларусі наведаць Маскву, прадэманстраваць наша адзінства з расейскім народам і іншымі. Магчыма, ускладзем вянкі да магілы Невядомага салдата, як мы гэта робім. 8 траўня там будуць мерапрыемствы ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ, таму я, вядома, не магу не ўзяць у гэтым удзел. Пастараюся 8 траўня, хай нават ноччу, вярнуцца дадому. Я так на сённяшні дзень планую», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Раней шмат хто з еўрапейскіх лідараў адмовіўся прыехаць на парад Перамогі 9 траўня ў Маскву.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў