Лукашэнка зрабіў чарговую заяву «як гісторык»


Лукашэнка і Пуцін у Санкт-Пецярбургу. Фота: president.gov.by

Кіраўнік Беларусі падчас сустрэчы са сваім расейскім калегам зноў прыгадаў, што мае гістарычную адукацыю і з гэтай нагодай распавёў пра факты, аб якіх людзі раней не ведалі. Відэа з ягоным выказваннем апублікаваў расейскі журналіст Дзмітрый Смірноў у «Twitter’ы».

«Мушу вам сказаць, як гісторык, няхай не пакрыўдзяцца на мяне іншыя народы, але я лічу, што беларусы і ленінградцы пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны больш за любыя народы. Мы больш, чым хто-небудзь, разам з ленінградцамі знаходзіліся пад акупацыяй», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пад акупацыяй, пэўна, маецца на ўвазе нацысцкая часоў Другой сусветнай вайны. Беларусь знаходзілася пад акупацыяй фактычна ад 22 чэрвеня 1941 года да канца ліпеня 1944-га, калі ад нямецкіх войскаў былі вызваленыя апошнія населеныя пункты краіны.

Фатограф, камсамолец, спартовец. Што кажа пра свае прафесіі і заняткі Лукашэнка?

Пры гэтым Ленінград увогуле не быў пад акупацыяй, хоць ад верасня 1941 года да студзеня 1944-га горад і знаходзіўся ў блакадзе. Таксама гісторыя не ведае і такога народу, як ленінградцы, пра які ўзгадаў кіраўнік Беларусі.

Што датычыць працягласці нямецкай акупацыі, дык больш за ўсё пад ёй знаходзіліся народы Чэхаславаччыны і Польшчы, якія былі захопленыя нацыстамі ў сакавіку і верасні 1939 года адпаведна. Канчаткова іх тэрыторыя была вызваленая ад немцаў толькі ў траўні 1945-га.

Гэта ўжо не першае кур’ёзнае выказванне Аляксандра Лукашэнкі, звязанае з гісторыяй Санкт-Пецярбургу (былы Ленінград). Гэтак, у 2006 годзе ён заявіў, што беларускі першадрукар Францішак Скарына, які памёр больш чым за 150 гадоў да заснавання гораду, жыў і тварыў «у Піцеры».

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары