Лукашэнка «змякчыў» наркатычны артыкул. Маці-328: Гэта голая костка, за 4,5 года ён з намі так і не сустрэўся


Кіраўнік Беларусі падпісаў змены ў Крымінальны кодэкс, паводле якіх скарачаецца мінімальны тэрмін пазбаўлення волі за незаконны абарот наркотыкаў (арт. 328 КК).

Турэмны тэрмін паводле ч. 2 арт. 328 – ад 3 да 8 гадоў, паводле ч. 3 арт. 328 – ад 6 да 15 гадоў (дагэтуль было – ад 5 да 8 і ад 8 да 15 гадоў, адпаведна).

Маці 328 пра змены ў «наркатычным» артыкуле: «Улады нас зноў падманулі»

Паводле актывісткі Руху маці 328 Ларысы Жыгар, Лукашэнка мог знізіць верхнюю мяжу, але не зрабіў гэтага.

«Гэта голая костка для нас за тое, што мы хадзілі і прасілі, галадалі. Для карупцыянераў ён знізіў і ніжнюю і верхнюю мяжу, увялі штрафы, а тут – не. Так, таксама ўвялі штрафы, але гэтыя штрафы будуць непад’емныя. Або іх будуць аплочваць сваякі, а калі няма сямʼі, то будзе сядзець ад званка да званка».

Паводле Ларысы Жыгар, змены перадусім мусілі датычаць ч. 4 часткі наркатычнага артыкулу («Арганізаваная злачыннасць»).

«Яе [ч. 4 арт. 328] там нават няма, а яна самая распаўсюджаная. Спажыўцы купляюць у адной краме, пасля іх абʼядноўваюць у злачынную групоўку. Адказнасць – да 20 гадоў!»

Ларыса Жыгар распавяла, што была на прыёме ў Наталлі Качанавай, кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі абяцала дапамагчы.

«Яна не хацела быць галаслоўнай, сказала, што зробіць усё, што ў ейных сілах. Нашае галоўнае патрабаванне – сустрэча з Лукашэнкам. За 4,5 года ён з намі гэтак і не сустрэўся. Яна кажа, што ён заняты. Мы ўсё разумеем, але ён ані разу не пусціў да сябе нават дзве-тры маці, каб пагаварылі з ім асабіста».

Актывісты Руху маці 328 распачалі галадоўку з патрабаваннем зменаў заканадаўства

Мы прапанавалі Наталлі Качанавай купіць закладку, яна была ў шоку

Праблема з наркатычнымі крамамі і распаўсюдам застаецца, бо за краты трапляюць спажыўцы, а не тыя, хто робіць бізнес на наркотыках.

«Крамы як працавалі, так і працуюць. Мы прапанавалі Наталлі Качанавай купіць закладку, і праз 5 хвілінаў яе можна будзе забраць з-пад будынку парламенту. Яна была ў шоку».

Дэпутаты папрасілі назваць ім некалькі гучных прысудаў, паводле нас, несправядлівых, ім назвалі 100, працягвае актывістка.

«Сярод гэтых прысудаў ёсць няпоўнагадовы сірата, апякункаю была бабуля. Пасля смерці бацькоў падсеў на наркотыкі. Бабуля пайшла прасіць дапамогу, а яго закрылі на 9 гадоў. Або жанчына, сын якой таксама быў залежны. Яго пасадзілі на метадонавую тэрапію, пасля чаго стала яшчэ горш. І таксама закрылі на 11 гадоў».

Маці-328: Калі ўлады нас зноў не пачуюць, мы зладзім Майдан

Ларыса Жыгар спадзяецца на абяцанні чыноўніцы стварыць незалежную камісію для перагляду крымінальных справаў. У яе маюць увайсці прадстаўнікі пракуратуры, суда, МУС.

Дзейнасцю руху зацікавіліся ў БРСМ. Жанчын запрасілі на сустрэчу ў Менск.

Тым часам, сыну Ларысы Жыгар змяняюць меру стрымання. 25 ліпеня яго этапуюць на хімію. Мужчына ўжо адбыў 6,5 года з 8-гадовага тэрміну. Жанчына спадзяецца, што яго амністуюць.

Палата прадстаўнікоў паўгода дыскутавала перад тым, як унесці змены ў «наркатычны артыкул». Супраць новаўвядзенняў выступала МУС, якім на той час кіраваў Ігар Шуневіч.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары