Лукашэнка заявіў, што нібыта праз украінскую мяжу Аўтуховіч тонамі перавозіў зброю


Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў дзіцячую інфекцыйную больніцу Менску пракаментаваў затрыманне прадпрымальніка і актывіста з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, піша БелТА.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мікалай Аўтуховіч увозіў з Украіны зброю. Прычым перавозіў праз мяжу зброю тонамі і рыхтаваў тэракты па ўсёй краіне.

«Нядаўна мы затрымалі групу Аўтуховіча. Мярзотнікі апошнія. Цяпер мы іх усе каналы выявілі. Яны везлі тонамі зброю праз Украіну. І калі б хлопцы нашыя (я ўсіх загадаў да дзяржаўных узнагародаў неадкладна прадставіць) іх не накрылі, ох нам бы Новы год быў… Я яго шчыра кажучы, недаацэньваў. Мне дакладваў Камітэт дзяржбяспекі. Ну, трэба, разбірайцеся з ім… Недаацэньваў. А вось калі вывернулі навыварат…» – заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка сцвярджае, што ў Беларусі існуе яшчэ некалькі груповак, у якіх прымаюць удзел і дасланыя з-за мяжы людзі.

«Ёсць некалькі груповачак яшчэ. Сваіх два-тры ёсць, адтуль дасылаюць нам. Праз Украіну. Праз Польшчу, Літву цяпер вельмі складана – мяжу зачынілі наглуха. І з Украінай цяпер закрылі ўжо, мыш не пракрадзецца. Праз Расею часам пранікаюць, у нас мяжы няма. Але ўжо не тое. Мы гэтае пытанне трымаем жорстка на кантролі», – сказаў Лукашэнка.

Мікалая Аўтуховіча затрымалі 8 снежня. Следчыя сцвярджаюць, што Аўтуховіч датычны да падпалу дому і аўтамабіля міліцыянта ў Ваўкавыску, а таксама падпалу аўта міліцыянта ў Горадні.

Міліцыянты затрымалі таксама Сяргея, Любоў і Паўла Разановічаў, Ірыну Гарачкіну, Ірыну ды Антона Мельхераў. Сцвярджаецца, што ўсіх іх затрымалі, змясцілі ў СІЗА, большасць супрацоўнічаюць са следствам і даюць паказанні. «Наша Ніва» піша, што значную частку часу Аўтуховіч гасціў у сям’і Разановічаў. Сяргей Разановіч – святар.

  • 57-гадовы Мікалай Аўтуховіч – былы прадпрымальнік і старшыня аргкамітэту па стварэнню саюзу прадпрымальнікаў «Салідарнасць».
Аб’ектыў
Палітычныя справы аб тэрарызме
2020.12.09 22:33

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў