Лукашэнка: Кітай сыграў «вызначальную ролю ва ўзмацненні абараназдольнасці Беларусі»

ВІДЭА

Візіт Лукашэнкі ў Кітай у 2016 годзе. Фота - REUTERS/Jason Lee

Сёння, 6 красавіка, у Менску Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі, генерал-палкоўнікам Вэем Фэнхэ.

«У наш час вы сыгралі вызначальную ролю ва ўзмацненні абараназдольнасці Беларусі. Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае касмічнае падраздзяленне, адправіць на арбіту самы сучасны спадарожнік. Мы з вамі стварылі ў Беларусі самы сучасны цэнтр кіравання палётамі. Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае ракетнае ўзбраенне для беларускага войска (відавочна, маецца на ўвазе «Паланэз» – belsat.eu)», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь у даўгу не застанецца:

«Вы нам падставілі плячо ў самы складаны час, калі ўвесь Захад увёў санкцыі супраць Беларусі. Мы гэта памятаць будзем доўга. У вас ёсць тут надзейныя сябры».

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў кіраўніцтву КНР «за тую неацэнную эканамічную, фінансавую падтрымку, якую вы аказваеце Беларусі».

«Асаблівая падзяка вам за тую ваенна-тэхнічную супрацу, якая склалася паміж нашымі краінамі», – дадаў ён.

Кітайскі генерал-палкоўнік у сваю чаргу заявіў, што Беларусь і Кітай сталі «жалезнымі братамі».

Дзяржаўныя СМІ адзначаюць, што Кітай неаднаразова накіроўваў Беларусі бязвыплатную вайсковую дапамогу. Так, у кастрычніку 2017 года было падпісана пагадненне аб прадастаўленні такой дапамогі на суму $ 4,5 млн. На планавай аснове праводзяцца сумесныя трэніроўкі падраздзяленняў сілаў спецыяльных аперацый беларускага войска і падраздзяленняў паветрана-дэсантных войскаў Кітая. Дзве трэніроўкі праведзены ў Беларусі, адна – на тэрыторыі КНР. З 2000 года 277 кітайскіх вайскоўцаў атрымалі дыпломы Ваеннай акадэміі Беларусі. У сваю чаргу ў навучальных установах Народна-вызваленчай арміі Кітая прайшлі навучанне на бязвыплатнай аснове 77 беларускіх вайскоўцаў.

Сайт беларускага Мінабароны паведамляе, што афіцыйны візіт Вэя Фэнхэ ў Беларусь скончыцца 8 красавіка. Падчас візіту будзе праведзены шэраг сустрэчаў з кіраўнікамі беларускага Мінабароны. Кітайскі генерал таксама наведае некалькі вайсковых аб’ектаў у Беларусі.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары