Лукашэнка заявіў, што Караеў «зрабіў высновы». Вытрымкі з інтэрв'ю расейскім прапагандыстам


Лукашэнка перакананы, што ў сітуацыі, якая склалася ўнутры і вакол Беларусі, «удалося выратаваць краіну і захаваць стабільнасць, але расслабляцца пакуль рана». Пра гэта ён сказаў расейскім прапагандысцкім журналістам 8 верасня.

«Так, і пераборы былі. І як Караеў прасіў прабачэння двойчы. Я кажу: прасі прабачэння, адзін раз прасі, калі там нешта было. Ён два разы папрасіў прабачэння. Трэба гэтую старонку перавярнуць. І вярнуцца, калі запалы ўлягуцца. Мы высновы зрабілі. Вы не думайце, што мы каменныя. Мы зрабілі высновы», – сказаў Лукашэнка.

Расейскія журналісты ў Палацы незалежнасці.
Фота: president.gov.by

Пра перахопленую размову Берліна і Варшавы:

Лукашэнка растлумачыў, што прыняў рашэнне агучыць інфармацыю пра перахопленую размову, бо лічыць Уладзіміра Пуціна сваім сябрам, які падставіў яму плячо.

«Нічога, вы хутка пераканайцеся, што гэта былі кветачкі. Нам хутка ягадкі падкінуць. Не толькі мне – нам. Вы хутка пераканайцеся ў гэтым. Я проста ўжо рот закрыў. Думаю, вам што ні скажы…. Я шмат чаго ведаю, але я нічога вам больш казаць не буду… Перш чым яе выдаць, я тысячу разоў падумаў.

Англійская мова, усе як паложана. Размаўляюць не немцы, не палякі. Адназначна размаўляюць там амерыканцы, таму што там англійская такая спецыфічная ў амерыканцаў».

Ён адзначыў, што гэта стала магчымым дзякуючы разгорнутаму пад Горадняй цэнтру, дзе ў сферы радыёэлектроннай разведкі працуюць класныя ваенныя спецыялісты.

Людзі сабраліся ў сталіцы ля Камароўскага рынку падтрымаць затрыманую сябру Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву. На месца мітынгу зноў прыехалі міліцыянты, якія папярэджваюць пра забарону несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і адказнасць за ўдзел у іх. Менск, Беларусь. 8 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пра прэзідэнцкія паўнамоцтвы і датэрміновыя выбары

У новай Канстытуцыі Беларусі неабходна пераразмеркаваць паўнамоцтвы паміж органамі ўлады, але пакінуць моцную ролю прэзідэнта, заявіў ён.

«Некаторыя прадстаўнікі асобных палітычных партый у асноўным сыходзяцца на тым, што трэба пераразмеркаваць паўнамоцтвы паміж органамі ўлады. Трэба. Але пры гэтым трэба памятаць: і Расея, і Беларусь (прыклад таму Украіна) – гэта славянскія дзяржавы, дзе патрэбны моцны лідар з пэўнымі паўнамоцтвамі.

Але ўмова адно: атрымаўшы паўнамоцтвы, адказвай. Таму прэзідэнт павінен захаваць гэты кантроль за сітуацыяй у краіне, за галінамі ўлады».

Аляксандр Лукашэнка схіляецца да правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў пасля прыняцця новай Канстытуцыі.

«Я гэта не выключаю. Па тэрмінах я не кажу. Трэба прыняць Канстытуцыю, правесці выбары мясцовых органаў улады. Калі датэрмінова праводзіць прэзідэнцкія выбары, то яны павінны прайсці, напэўна, раней, чым парламенцкія. Усё ж такі парламент трэба захаваць да таго, як з’явіцца новы прэзідэнт. А потым правесці па новай Канстытуцыі (яна будзе зацверджана раней) парламенцкія выбары».

Лукашэнка – пра чысціню і пратэсты

«Вы заехалі ў Менск: ціха, спакойна, чысціня, нягледзячы на асобныя хаджэнні. Гэта брэнд, і ўсё гэта захавалася, нікуды не дзелася… Мы, вядома, стараемся падтрымліваць імідж нашай краіны. Але ў нядзелю ў нас часам людзі выходзяць на вуліцы. Ніякай дэстабілізацыі ў краіне няма».

Марш Адзінства
Марш Адзінства ў Менску, Беларусь. 6 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі ёсць унутраныя перадумовы для пратэстаў, аднак іх мала і няма класічных прычын, якія б маглі прывесці да рэвалюцыі. Падзеі ў Беларусі падобныя на дробнабуржуазную рэвалюцыю, сказаў ён.

«У нас з’явіліся буржуйчыкі, багатыя людзі, у нас зʼявіліся айцішнікі, якім я даў такія ўмовы, лепш якіх нідзе не могуць даць. Чаму не могуць – таму што краіна спакойная, ціхая, стабільная, ідзі гуляй – не хачу. І ніякіх падаткаў… што ім захацелася? А ім захацелася ўлады. Вось тут глыбіня гэтага канфлікту. Гэта ўнутраная прычына. […]

А тое, што я кажу «пераседзеў»… я гэта адчуваю, многія так кажуць. Давайце адарвёмся ад асобы. Вы б ад прэзідэнта Лукашэнкі, як выбарца, адмовіліся па якіх прычынах? Чыста эмацыйна, што пераседзеў? Чалавек дасведчаны, здаровы, яшчэ можа працаваць, мазгі на месцы. Так, над табой, напэўна, пераважала б тое, што, ну колькі можна, чвэрць стагоддзя ды іншае. А потым бы ты так галаву ўзяў у рукі… А моладзь не можа гэтага ацаніць. Ім у галаву ўкінулі: колькі можна, Саша 3%».

Марш Адзінства
Марш Адзінства ў Менску, Беларусь. 6 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Пра хаджэнні з аўтаматам

Лукашэнка заявіў, што ў гэткі спосаб ён паказаў, што на месцы.

«Я паказаў, што я на месцы і не баязлівец, не баюся. […] У мяне ў Палацы Незалежнасці Сітуацыйны цэнтр: я бачу ўсё, што робіцца ў Менску, з усіх камер. У нас такіх цэнтраў шмат, перш за ўсё ў сілавікоў. І ў прэзідэнта як у галоўнакамандуючага. […]

Я прадэманстраваў, што мае дзеці тут, што мая краіна тут і я яе буду абараняць, чаго б мне гэта ні каштавала. Хоць прэс-сакратар бегла ззаду, каб я не выходзіў, кажа: «А раптам снайпер, а раптам што». Не, я павінен быў выйсці – разбегліся ці не разбегліся – і падзякаваць гэтым хлопцам (АМАПу – Заўв. belsat.eu), якія стаялі ў ланцугу і годна сябе паводзілі. Але галоўнае – я не баязлівец і не баюся. Я нікуды не бег і бегчы не збіраюся, і дзеці мае таксама нікуды не пабягуць».

Лукашэнка дадаў, што «калі б не было вонкавага ўплыву, мы даўно б ужо справіліся з гэтымі праблемамі».

Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Пра жорсткасць АМАПу і сілавікоў

[…] Гэта іх задача – стабілізацыя становішча. Гэта іх задача – утрымаць краіну. Яны парушылі закон? Не! Адзінае, што мне не падабалася ў гэтым, што ляжачага б’юць. І калі я ўбачыў кадр, дзе, ну вядома, ён [пратэстуючы] дзесьці нешта нарабіў, вядома, ён бег ад гэтага сутыкнення, і ён атрымаў. Я ў адкрытую па-мужчынску сказаў, што я гэта не вітаю.

І на Акрэсціна трапіла вельмі шмат, як я іх называю «уркі», па 12 разоў судзімыя ды іншае. І вось калі яны пʼяныя і абкураныя, а іх там было 60%, яны рынуліся на гэтых хлопцаў [ахоўнікаў на Акрэсціна], і вядома, яны ім адказалі. Ну і натуральна, хтосьці там кагосьці абараняў, ім перапала.

Ну так, у кагосьці і спіна была сіняя. Але сёння сінякоў ужо няма. А 39 або 40 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пераламаныя, і з хрыбетнікам паламанымі амапаўцы, дасюль ляжаць у шпіталі… Яны, некаторыя, ніколі ўжо не ўстануць і да жонкі сваёй не падпаўзуць. Я не магу асудзіць гэтых хлопцаў, якія абаранілі не толькі краіну, але і мяне.

belsat.eu

Стужка навінаў