Лукашэнка заявіў, што гатовы абмяркоўваць з ЗША пытанні дэмакратыі ды правоў чалавека ў Беларусі


Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з амерыканскімі кангрэсменамі, падчас якой заявіў аб зацікаўленасці ў паўнавартасных партнёрскіх адносінах з ЗША і гатоўнасці выслухоўваць аргументаваную крытыку.

«За апошнія два-тры гады мы аднавілі пэўны ўзровень палітычнага даверу. Але без узаемнага жадання гэта было б немагчымым. Лічу, што папярэдняе дзесяцігоддзе, якое мы пражылі ва ўмовах нявызначанасці, санкцый, – гэта перыяд страчаных магчымасцяў для нашых адносін, – сказаў ён на сустрэчы з дэлегацыяй Кангрэса ЗША 6 ліпеня. – Мы пачынаем паціху выходзіць з гэтага стану. Мы спрабуем развіваць супрацу з вашай дзяржавай у абласцях, дзе супадаюць нашы інтарэсы».

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова выслухаць любыя прапановы і заўвагі, нават аргументаваную крытыку з боку Злучаных Штатаў, паведамляе прэс-служба прэзидэнта.

Беларусі, дадаў Лукашэнка, вядомыя чакання амерыканскага боку ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і іншых пытанняў.

«Мы ад іх не сыходзім, гатовыя іх абмяркоўваць у любым фармаце і месцы – у Менску, Вашынгтоне або Нью-Ёрку, – заявіў ён. – Тое ж самае тычацца выбарчай тэматыкі і гэтак далей».

Лукашэнка канстатаваў, што ў цяперашні час дынаміка развіцця беларуска-амерыканскай супрацы трохі спала.

«Некаторыя нашы нядобразычліўцы кажуць пра тое, што нармалізацыя «знемагла», што ў нашых адносінах з ЗША зноў надыходзіць перыяд крызісу. Я не згодны: крызісу ніякага няма. Але дэфіцыт ідэй прысутнічае. Таму наша сённяшняя сустрэча вельмі важная для падтрымання нават той дынамікі, якая калісьці была напрацаваная», – лічыць ён.

Падчас сустрэчы з Лукашэнкам кангрэсмены асобна спыніліся на ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. У сваю чаргу кіраўнік дзяржавы запрасіў кангрэсменаў наведаць беларускія раёны, пацярпелыя ў выніку аварыі, каб яны змаглі на свае вочы ўбачыць, як развіваюцца гэтыя рэгіёны.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў