Лукашэнка затрымаў каронавірус


Лукашэнка збірае сяброў, а сябры не едуць. Кіраўнік Беларусі заклікаў лідараў іншых дзяржаваў прыехаць у Менск на парад 9 траўня, аднак ніхто не адгукаецца. Сталіца Беларусі тым часам рыхтуецца да масавага святкавання 75-годдзя перамогі ў Другой сусветнай вайне, на якое аўдыторыю збіраюць пад прымусам. Нашто гэты фарс уладам Беларусі і чым ён можа скончыцца?

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая праводзіць вайсковы парад 9 траўня, з нагоды перамогі ў Другой сусветнай вайне. Гэта наўпростава супярэчыць рэкамендацыям Сусветнай арганізацыі здароўя. Мерапрыемства не наведае ніхто з замежных лідараў, а ўдзельнічаць у ім адмовіліся нават найбліжэйшыя саюзнікі – Расея і Кітай.

«І тут трэба было сабрацца! А тым больш цяпер! Я вось, карыстаючыся выпадкам, публічна запрашаю ўсіх кіраўнікоў дзяржаваў, хаця б былога Савецкага Саюзу, прыехаць у Менск і пабыць на гэтым парадзе. Будзем спадзявацца, што нехта рызыкне і прыедзе. Ну, не прыедуць – мы самі правядзем парад, як звычайна правядзем парад», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Такое адчуванне, што Лукашэнка ўсур’ёз сабраўся перамагчы ў конкурсе праграмы «Сам сабе рэжысёр».

Мала параду, дык 9 траўня ўвечары на плошчы Перамогі ў Менску адбудзецца яшчэ і канцэрт. Плануецца, што яго наведаюць як мінімум 3,5 тысячы чалавек. Скончыцца гэтая вакханалія абсурду піратэхнічным шоу а 23-й гадзіне.

Каментуе палітолаг Павел Усаў:

«Праз правядзенне і арганізацыю параду Лукашэнка жадае паказаць, што ён кантралюе сітуацыю, што яго воля вышэйшая за розум, жаданні і меркаванні грамадзянаў. І ён падкрэслівае, што ягоная ўлада непадважальная. Гэта тычыцца не толькі грамадства, але таксама чыноўнікаў, якія выконваюць без аніякага супраціву ўсе загады».

ВІДЭА
Лукашэнка падстаўляе Еўропу. Беларусь трапіць у чорныя спісы?
2020.05.04 16:01

Ідзе праца і на вонкавую аўдыторыю: Лукашэнка імкнецца паказаць Пуціну, што беларускі рэжым не горшы за Крэмль спадкаемца савецкіх традыцый. Для Масквы, якая ўжо фактычна манапалізавала савецкую спадчыну, такія выбрыкі могуць падацца як мінімум раздражняльнымі.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, скажуць, што спужаліся. Пры гэтым я хачу папярэдзіць арганізатараў: нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства не трэба. Не хочуць, берагуць здароўе – мы гэта зразумеем. Дастаткова сёння людзей, тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло».

Аднак апошні тыдзень СМІ і сацыяльныя сеткі застракацелі паведамленнямі з універсітэтаў і дзяржаўных установаў, дзе студэнтам ды працаўнікам прапаноўвалі розныя бонусы і нават грошы за ўдзел у парадзе – часам ажно да 50 рублёў. Некаторым жа класічна пагражаюць разнастайнымі пакараннямі. Да таго ж прыйсці на парад заклікаюць удзельнікаў Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў – нават тых, хто браў удзел у Другой сусветнай вайне.

Каментуе Алесь Лобан, медык з 20-гадовым стажам у Нідэрландах:

«Калі яны будуць прысутнічаць, то, магчыма, гэта будзе апошні парад у іх жыцці. Бо зразумела, што яны ў групе рызыкі ды будуць прысутнічаць у натоўпе людзей без масак. Наколькі я чуў, аддаюцца загады, каб прыходзілі людзі без масак, не будуць жа карцінку з маскамі паказваць. Таму я б не раіў людзям сталага веку туды хадзіць, ды і ўвогуле нікому».

І вось жа цікавы момант: ці не ўпершыню беларусам для выказвання сваёй незадаволенасці сітуацыяй у краіне трэба не ўдзельнічаць у нейкіх акцыях пратэсту, а наадварот – проста застацца дома. Пустыя трыбуны падчас параду 9 траўня сталі б выдатнай дэманстрацыяй стаўлення людзей да небяспечных авантураў кіраўніцтва краіны. Аднак на такі сцэнар спадзяванняў няшмат.

«Грамадства некансалідаванае, і атмасфера страху пануе ў беларускім грамадстве. Беларусы збольшага баяцца страціць працу, баяцца быць сам-насам з сістэмай, таму падпарадкоўваюцца нават самым абсурдным патрабаванням з боку ўладаў… І вось тая ўнутраная пасіўнасць, нежаданне супрацьстаяць сістэме і з’яўляецца асноўным рэсурсам, які выкарыстоўвае ўлада», – працягвае Павел Усаў.

ВІДЭА
Ці каранцін у Беларусі ўводзіць ужо позна?
2020.05.02 08:13

Тым часам, прыхільнікі палітыкі беларускага рэжыму і дзяржаўныя СМІ ва ўсю трубяць пра неабходнасць правядзення параду. Асабліва часта выкарыстоўваецца аргумент, што ў беларусаў хутка выпрацуецца калектыўны імунітэт да новага каронавіруса, таму, маўляў, не варта ўводзіць нейкія абмежавальныя захады. Аднак паводле медыкаў дзеля выпрацоўвання калектыўнага імунітэту перахварэць мусяць каля 60–70 % насельніцтва краіны.

«Па-першае, 60 % ад дзевяці з паловаю мільёнаў беларусаў – гэта каля шасці мільёнаў чалавек. Калі перахварэюць шэсць мільёнаў чалавек, тады і можна будзе казаць пра нейкі калектыўны імунітэт. Па-другое, невядома, ці выпрацоўваецца гэты імунітэт у людзей, якія перанеслі гэты каронавірус бессімптомна ці ў лёгкай форме. На гэта навука яшчэ не мае дакладнага адказу», – працягвае медык Алесь Лобан.

Калі ж браць самую аптымістычную статыстыку, што паміраюць толькі 3 % хворых на COVID-19, то выходзіць, што такі калектыўны імунітэт можа каштаваць як мінімум 180 тысячаў жыццяў нашых з вамі суайчыннікаў. Дарэчы, з лічбамі ў чыноўнікаў выйшаў канфуз: 5 траўня ў выступе Лукашэнка агучыў колькасць тэстаў, актуальную яшчэ на папярэдні дзень. А Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале проста паўтарыла тое, што сказаў кіраўнік краіны. Выйшла, што за дзень не зрабілі ніводнага тэсту на каронавірус, а колькасць хворых усё адно вырасла. Здаецца, цяпер вядома, як фармуецца афіцыйная статыстыка.

Інтэрв’ю
Як хутка знікае каронавірус? Усё пра тэсты ў інтэрв’ю з лекарам
2020.05.07 12:59

Алесь Лобан:

«Міністэрства аховы здароўя не будзе перакрочваць мяжу 1000 захварэлых на дзень – гэта псіхалагічная мяжа, якую яны не хочуць пераходзіць і не будуць пераходзіць бліжэйшымі днямі. Так і сталася. З 30 красавіка яны вось ужо 7 дзён даюць звесткі, што гэта каля 900 чалавек. Зразумела, што наўрад ці гэта адпавядае рэчаіснасці».

Паводле ўладаў, спад захворвання ў Беларусі мусіць назірацца ўжо пры канцы траўня. Аднак з улікам маштабнага святкавання 9 траўня і цудаў дзяржаўнай статыстыкі можна сцвярджаць, што да хэпі-энду яшчэ далёка.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Сюжэт для праграмы «ПраСвет».

Фота на прэв’ю: BELTA / TASS / Forum

Стужка навінаў