Лукашэнка – замежным журналістам: «Ніякай рэвалюцыяй тут не пахне»


Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з лаяльнымі журналістамі дзяржаўных і замежных СМІ выказаўся наконт сітуацыі ў Беларусі.

На сустрэчы прысутнічалі Дзмітрый Бачкоў з АНТ, Андрэй Кандрашоў (ВГТРК, Расея), Наталля Палікарпава (Первый канал, Расея), Ерлан Бекхожын («Хабар», Казахстан), Юлія Бялянская (Accent TV, Малдова) і Павел Кужэеў («112 Украіна»), перадае БелТА.

Размова працягвалася больш за чатыры гадзіны.

«Любая каляровая рэвалюцыя робіць дзяржава слабой, а народ – бяднейшы. Нідзе пасля гэтых мяцяжоў людзі лепш жыць не сталі. Галоўныя лекі ад гэтай пошасці таксама вядомыя – гэта пашырэнне і паглыбленне нашых сувязяў, інтэграцыі. Ва ўсіх фарматах: двухбаковых, ЕАЭС, СНД, АДКБ. Перш за ўсё, у сферах эканомікі, бяспекі і чалавечых зносін», – заявіў Лукашэнка.

«Нам проста трэба згуртавацца і выступаць адзіным фронтам і на міжнароднай арэне. Толькі тады нашы народы могуць захаваць магчымасць самастойна вырашаць свой лёс», – дадаў ён. Супраць каго выступаць – не ўдакладняецца.

«Мы практычна ў прамым эфіры назіраем злом звыклага ладу жыцця, пагружэнне планеты ў сістэмны крызіс. Галоўнай прычынай таго, што адбываецца многія СМІ называюць каронавірус. Ужо казаў і паўтару, што гэта толькі нагода, шырма, прыкрываючыся якой глабальныя гульцы ў чарговы раз спрабуюць перадзяліць свет на свой манер», – заявіў былы кіраўнік краіны.

Падзеі ў Беларусі пасля выбараў ён назваў «спробай неканстытуцыйнага перавароту па лякалах каляровых рэвалюцый».

«Ніякай рэвалюцыяй тут не пахне, таму што проста няма рэвалюцыянераў у краіне», – мяркуе ён.

У пратэстах ён традыцыйна абвінаваціў знешнія сілы, якія нібыта імкнуцца «разбурыць прамысловасць» Беларусі.

KA belsat.eu

Стужка навінаў