Лукашэнка заклікаў Пуціна перагледзець цану на газ у сувязі з пандэміяй


Аляксандр Лукашэнка заклікаў адаптаваць цану на газ да змены эканамічнай кан’юнктуры, якая адбылася ў выніку пандэміі.

Пра гэта ён заявіў падчас перамоваў чальцоў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету, якая прайшла ў рэжыме відэаканферэнцыі, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Хацеў бы звярнуць увагу, што мы ўвайшлі ў крызіс з нявырашаным базавым для ўстойлівай працы эканомікі пытаннем. Гэта энергетыка, кошты на рэсурсы і разлікі за іх. Вядома, мы не чакалі, што такая сітуацыя складзецца. Але тым не менш факт ёсць. Такая нягнуткасць негатыўна ўплывае на ўвесь ланцужок фармавання дабаўленага кошту. А значыць, падрывае ўстойлівасць функцыянавання саюзу», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Перамовы адбываліся ў фармаце відэаканферэнцыі. Фота – president.gov.by

Ён адзначыў, што пакуль бакі не выйшлі на агульныя энергетычныя рынкі ў ЕАЭС, трэба дамовіцца аб тым, як паступіць у гэтай сітуацыі.

«У першую чаргу гэта датычыцца цэнаў і разлікаў за прыродны газ. Відавочна, што пры такім рэзкай змене эканамічнай канʼюнктуры цана павінна быць больш адаптыўнай, а механізм разлікаў – падʼёмным для спажыўцоў», – падкрэсліў Лукашэнка. Ён у гэтай частцы звярнуўся да прэзідэнта РФ Уладзіміру Пуціну, каб можна было аператыўна разгледзець гэтае пытанне.

Лукашэнка таксама заклікаў краіны ЕАЭС згуртавацца на фоне пандэміі.

«Аднабаковыя дзеянні дзяржаваў паставілі пад пагрозу гандлёвыя стасункі, кааперацыйныя ланцужкі, працоўную міграцыю. Адсутнасць каардынацыі намаганняў пагаршае гэтыя негатыўныя фактары. Таму эгаістычныя рашэнні, што прымаюцца без аглядкі на наступствы як мінімум у дачыненні да бліжэйшых партнёраў, стратэгічна не будуць мець поспеху. У сённяшняй сітуацыі толькі дзякуючы згуртаванасці і рашучасці мы зможам справіцца з пандэміяй і яе наступствамі», – заявіў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў