Лукашэнка загадаў закрыць «для бандытаў» мяжу з Украінай


Зась, Лукашэнка і Лапо. Фота - http://president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў пра пагрозу нелегальнай перапраўкі зброі з Украіны ў Беларусь падчас сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Станіславам Засем і старшынёй Дзяржпагранкамітэту Анатолем Лапо.

«Мы прынялі рашэнне аб умацаванні мяжы з Украінай. Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю», – заявіў ён.

«Вось цяпер міністр (Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч) дакладваў мне. Яны затрымалі чалавека, у якога арсенал: кулямёты, дзясятак аўтаматаў, два дзясяткі вінтовак, дзесяць тысяч патронаў і гэтак далей, і гэтак далей», – адзначыў ён.

Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, меў на ўвазе справу начальніка цеплаэнергацэнтралі Гарадзейскага цукравага камбінату Леаніда Штейна – у яго знайшлі дзясяткі адзінак зброі, гранаты, выбухоўкі і тысячы патронаў. Адкуль у іх узяўся такі арсенал сілавікі не паведамлялі.

«Калекцыянуе? Дык баявая ж уся зброя. Вось калекцыянеры… Адкуль усё гэта? Паглядзелі – у войску нашым усё на месцы. Завезлі. Таму прынятае рашэнне ўсталяваць мяжу з Украінай. Патрэбна там колькасць – патрэбна. Давайце паглядзім. Але не гуртам – туды сотню, туды тысячу, а па аднаму чалавеку, куды трэба. Без усялякіх начальнікаў. Начальнікаў павінна быць па мінімуму», – дадаў ён.

Заява пра ўмацаванне беларуска-украінскай мяжы прагучала праз 2 дні пасля сустрэчы Пуціна з Лукашэнкай, на якой у тым ліку абмяркоўвалася Украіна. Раней аналітыкі прагназавалі, што на саміце ў Сочы Пуцін будзе будзе дамагацца ад беларускага кіраўніцтва геапалітычных саступак узамен на эканамічную дапамогу.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары