Лукашэнка загадаў пашыць школьную форму «і для дзяцей з пятай калоны»


Аляксандр Лукашэнка на Рэспубліканскім педсавеце заявіў, што ў школе павінен прысутнічаць дрэс-код, але школьнікам трэба прапанаваць некалькі варыянтаў формы.

«Трэба прапанаваць некалькі варыянтаў гэтай формы школьнай. І каб было зручна і для дзяцей з пятай калоны (мы ж яе не выкінем, гэта ж нашы дзеці), і для нашых звычайных дзяцей беларусаў, сапраўдных, якія любяць нашу радзіму», – заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, людзей не трэба заганяць у нейкія рамкі.

– Але гэта не значыць, што дзяўчынка будзе хадзіць і ў яе, прабачце, трусішкі бачныя, – цытуе словы Лукашэнкі TUT.by, – Ці нейкія джынсы з разарванымі каленамі. Ну, дзесьці можна апрануць. Але, як гэта называецца…

– Дрэс-код, – падказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

– Дрэс-код. Мацернае слова, але падыходзіць. Ён жа абавязвае да гэтага: якая прычоска, якая адзенне. Яна павінна быць недарагая. Гэта я не табе, сядайце, – звярнуўся ён да кіраўніка МУС Ігару Шуневічу, – А то цяпер у сваёй папраўчай калоніі пачнеш шыць школьную форму!

Прысутныя пасля гэтых слоў засмяяліся, а Лукашэнка патлумачыў: нядаўна заключаныя пашылі форму для дзіцячай спартовай школы.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў