Лукашэнка загадаў адлічыць пратэстуючых студэнтаў: «Адпраўце іх, як я і казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу»


Лукашэнка таксама заявіў, што заклікі да страйку ідуць з Польшчы і Літвы.

Сёння Лукашэнка правёў нараду па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу. Між іншага, ён заявіў, што Беларусь пачынае сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі. Таксама ён запатрабаваў звольніць пратэстуючых студэнтаў, настаўнікаў, выкладчыкаў, дзяржслужбоўцаў, дактароў.

Ён лічыць бессэнсоўным угаворваць іх: «Мы ў лепшым выпадку загонім іх пад плінтус, з-пад якога яны зноў пасля вылезуць».

Асобна Лукашэнка прайшоўся па студэнтах і выкладчыках, якія «брыдка сябе паводзяць».

«Прыйшлі вучыцца – вучыцеся. Хто хоча, той хай вучыцца. Хто выйшаў у парушэнне закона на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу. Хай ходзяць па вуліцы. Але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, якія брыдка сябе паводзяць у ВНУ».

Паводле Лукашэнкі, арганізатары пратэстаў у Беларусі па метадычцы каляровых рэвалюцый ужо прайшлі 7-8 этапаў.

«Засталося зусім няшмат. Наступны этап – радыкалізацыя. Яна адбываецца. Супраць нас разгарнулі ўжо не інфармацыйную, а тэрарыстычную вайну па асобных кірунках. Мы гэта павінны спыніць», – заявіў Лукашэнка.

Таксама ён яшчэ раз звярнуўся да бацькоў школьнікаў і студэнтаў: «прыбярыце сваіх дзяцей з вуліцы, каб потым не было балюча. А з астатнімі мы будзем разбірацца па ўсёй строгасці закона».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў