Лукашэнка з Пуціным так і не пагаварылі пра падатковы манеўр


Стасункі Расеі і Беларусі не толькі сёння, але і ў кантэксце іх будучага развіцця на гады наперад, у тым ліку пасля змены кіраўнікоў дзяржаваў, абмеркавалі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Пра вынікі некалькіх раўндаў гутарак, якія адбыліся з 13 па 15 лютага, паведаміў журналістам беларускі лідар.

«Мы шчыра адзін аднаму гаворым, што мы ж не вечныя, мы калісьці сыдзем. А што пакінем нашым дзецям? Як яны працягнуць нашу палітыку? Гэта таксама нас як палітыкаў не можа не хваляваць», – цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі ТАСС.

Лукашэнка, у прыватнасці, нагадаў, што кіраўнікі дзяржаваў дамаўляліся прааналізаваць выкананне розных пагадненняў, падпісаных бакамі ў межах Саюзнай дзяржавы.

Кіраўнік Беларусі таксама распавёў, што тэма падатковага манеўру з Пуціным ня абмяркоўвалася.

«Праблема сапраўды, існуе, але я вам выключна шчыра і сумленна кажу, прэзідэнт Расеі пацвердзіць, мы, па-мойму, пра гэта нават слова не прамовілі за тры дні», – заявіў Лукашэнка.

У цэлым беларускі кіраўнік дзяржавы выказаў сумнеў, што гэтае пытанне з’яўляецца найважнейшым у расейска-беларускіх дачыненнях і адзначыў, што ёсць і іншыя праблемы, якія трэба вырашыць.

«Мы як раз казалі пра тое, што журналісты абавязкова гэтае пытанне зададуць, як быццам гэта найважнейшая праблема ў адносінах Беларусі і Расеі. Ёсць цэлы комплекс праблемаў, якія мы да Новага года абмяркоўвалі, і працягваем цяпер гэтым займацца», – адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка нагадаў, што ён і Пуцін у канцы 2018 года дамовіліся, што бакі пачнуць рэвізію двухбаковых стасункаў у розных сферах. У пятніцу, у прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва, «таму што мы абдзялілі гэтыя сферы ўвагай прэзідэнтаў». «Мы звычайна кажам пра фінансы, пра эканоміку, пра прамысловасць, аб пастаўках, экспарце, імпарце, менш займаліся пытаннямі гуманітарнага супрацоўніцтва», – адзначыў Лукашэнка.

Беларускі лідар прызнаўся, што не ведаў пра многія аспекты ўзаемадзеяння Масквы і Менску ў гуманітарнай сферы, напрыклад, у адукацыі.

«Мы гэта ўбачылі, узбагаціліся ведамі па ўсіх напрамках. І перш чым рабіць сурʼёзныя крокі ў развіцці Саюзнай дзяржавы і гэтак далей, мы і гэта павінны як прэзідэнты не толькі ведаць, але і ўвабраць у сябе», – дадаў ён.

Лукашэнка запэўніў, што з часам бакі падыдуць да абмеркавання пытанняў падатковага манеўру, «але акрамя падатковага манеўру ў нас яшчэ шмат праблем, якія акрамя нас ніхто не вырашыць, і мы гэта робім». «Ці не манеўрамі толькі жывыя людзі», – дадаў ён з усмешкай.

Кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што пытанне суверэнітэту на расейска-беларускіх перамовах нават не абмяркоўваецца, ёсць дзве асобныя дзяржавы. Пры гэтым ён заявіў, што краіны гатовыя абʼяднацца, калі да гэтага гатовыя іх народы.

ВІДЭА
«Со слезами на глазах»: журналісты крамлёўскага пулу пажартавалі з Лукашэнкі ў Сочы
2019.02.13 14:54

СК, belsat.eu

Стужка навінаў