Лукашэнка яшчэ 2 месяцы таму ведаў, якая будзе сітуацыя з каронавірусам у Беларусі


Аляксандр Лукашэнка распавёў, што яшчэ два месяцы таму меў прагноз па захворваемасці каронавірусам у краіне. Пра гэта ён заявіў падчас нарады ў нядзелю, дзе абмяркоўваюцца ў тым ліку захады, прымеркаваныя да Дня Перамогі, перадае БелТА.

«Аналізуючы ўсю сітуацыю, нам асаблівую ўвагу, што мы сёння і робім, трэба звярнуць на пнеўманіі. Галоўнае для нас сёння – гэта лячэнне людзей – пнеўманіі. Прашу гэта мець на ўвазе. Для мяне гэта пытанне нумар адзін. І я вельмі сурʼёзна кантралюю гэтыя працэсы», – сказаў кіраўнік .

Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі «атрымліваецца стрымліваць захворваемасць у цэлым». «Што тычыцца інфекцыйных захворванняў, то мы ідзем выразна ў тым прагнозе, які быў два месяцы таму дакладзены мне», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

ВІДЭА
Лукашэнка правакуе паніку. Зноў закруціць гайкі?
2020.04.18 09:05

«Дзякуй Сі Цзіньпіну»

Па словах кіраўніка дзяржавы, вырашаны ўсе неабходныя пытанні, звязаныя не толькі з бяспекай лекараў у шпіталях, але і на іншых узроўнях. «Лекаў у нас хапае. Прытым для лячэння самымі сучаснымі новымі спосабамі», – дадаў ён.

«Сёння ўжо сродкі абароны мы экспартуем. Скажу шчыра, і людзі малайцы. Яны гэтую маску не апранаюць абы-дзе. У грамадскіх месцах дзесьці, у краму ідуць… Спачатку рынуліся ў аптэкі, скупілі, дэфіцыт. Цяпер гэтага дэфіцыту няма. Мы экспартуем гэтыя маскі. Дзякуй кітайцам, Сі Цзіньпіну дзякуй, адгукнуўся на маю просьбу. Даслаў нам адзін станок, цяпер другі – для масак, рэспіратараў. У нас будуць цэлыя фабрыкі, дзякуючы гэтай дапамозе», – сказаў ён.

Акрамя таго, Лукашэнка адзначыў, што на сённяшні дзень занятыя 10% апаратаў ШВЛ – да іх падключаныя больш за 200 чалавек.

Падчас нарады абмяркуюць і мерапрыемствы да Дня Перамогі, якія былі запланаваныя раней – у прыватнасці, парад.

***

Роўна месяц таму, 3 красавіка, намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан сцвярджала, што захады Мінздароўя па прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19, пошук пацыентаў з каронавірусам і асобаў, што з імі кантактавалі, дазволілі папярэдзіць развіццё захворвання. Калі б гэта не было зроблена, то, паводле Богдан, «мы з вамі мелі 840 выпадкаў у дзень і нічым бы не адрозніваліся ад суседніх краінаў».

У Беларусі па стане на 2 траўня зафіксавана 15 828 выпадкаў інфікавання COVID-19, 97 чалавек памерлі. Апошні тыдзень штодня фіксуецца больш выпадкаў, чым называла Богдан.

Тым часам Лукашэнка рэгулярна называе сітуацыю з каронавірусам «псіхозам» і дагэтуль не ўвёў каранцінных абмежаванняў.

 

Hавiны
Стала вядома, колькі ложкаў выдзелена ў Беларусі пад хворых на пнеўманію
2020.05.03 08:50

КА belsat.eu

Стужка навінаў