Лукашэнка супраць расейскай базы: «Не бачу сэнсу быць уцягнутымі ў гульню мускуламі»


Кіраўнік Беларусі вырашыў паставіць кропку ў дыскусіі на тэму расейскай авіябазы на тэрыторыі нашай краіны.

З ваеннага пункту гледжання размяшчэнне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі не трэба ні беларускаму, ні расейскаму боку. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на зборы каманднага складу Узброеных Сілаў Беларусі, перадае карэспандэнт belta.by.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў мірны час у Беларусі ёсць дзяжурныя сілы СПА, у складзе якіх маецца і расейскі кампанент. На аэрадроме ў Баранавічах штосутачна знаходзяцца беларускія экіпажы МіГ-29 і расейскія Су-27.

«Яны са сваёй задачай па ахове дзяржмяжы ў паветранай прасторы спраўляюцца, у тым ліку ў інтарэсах абароны Расейскай Федэрацыі», – сказаў кіраўнік Беларусі.

«Мы не ўтойваем, што ў выпадку развязвання ваеннай агрэсіі супраць Беларусі, т.б. і супраць Расеі, будзе ўжытая сумесная рэгіянальная групоўка войскаў. А значыць, акрамя нашых Узброеных Сілаў, паводле плану, гэта таксама не сакрэт, у краіну будуць перакінутыя буйныя сілы расейскай арміі, у тым ліку значная колькасць расейскай авіяцыі», – падкрэсліў Лукашэнка.

Ён дадаў, што для гэтага аэрадромы ў Беларусі ўтрымліваюцца ў нармальным стане і гатовасці прыняць сотні самалётаў, у тым ліку і Расейскай Федэрацыі для забеспячэння абароны Расеі і Беларусі.

«Гэта значыць, паднятая шуміха ў сродках масавай інфармацыі носіць, я лічу, чыста палітычны характар», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, у выпадку размяшчэння расейскай базы Беларусь, як і Расея, будзе мець больш мінусаў, чым плюсаў.

«Як кіраўнік дзяржавы я не бачу сэнсу быць уцягнутымі ў гульню мускуламі нашых заходніх і ўсходніх суседзяў, – сказаў Лукашэнка. – Не час, і гэта не трэба. Трэба займацца рэальнай абаронай, а не паказухай. І вось тут мы гатовыя з Расеяй на любыя мерапрыемствы», – адзначыў ён.

Трэба ўвесь час удасканальваць сістэму абароны краіны, у тым ліку і тэрытарыяльную. Такую задачу паставіў Аляксандр Лукашэнка.

«У плане процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам трэба разлічваць перш за ўсё на ўласныя сілы. Ніхто і ніколі нас не разгайдае, калі мы самі не створым для гэтага перадумовы», – сказаў ён. «Паглядзіце вакол. Ні адзін сучасны канфлікт не пачынаўся ўварваннем замежных арміяў на тэрыторыю той ці іншай дзяржавы. У цяперашні час ужываюцца больш вытанчаныя спосабы ўздзеяння, але сцэнар адзін і той жа – разваліць дзяржаву знутры, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Таму галоўная задача складаецца ў тым, каб забяспечыць сацыяльна-палітычную стабільнасць унутры краіны, не дапусціць хаосу і дэстабілізацыі абстаноўкі», – мяркуе Лукашэнка.

Для Беларусі вельмі важна захаваць выпрацаваны на палітыка-дыпламатычным узроўні баланс адносінаў з Масквой і Кіевам, дадаў Лукашэнка.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў