Лукашэнка: Я нядаўна Макрону кажу: ты паглядзі, што ў цябе «жоўтыя камізэлькі» робяць!


Падчас сустрэчы з актывам Віцебшчыны Аляксандр Лукашэнка распавёў, што гутарыў з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам пра рух «жоўтых камізэлек». Аднак падчас адзінай асабістай сустрэчы Макрона і Лукашэнкі «жоўтых камізэлек» яшчэ не існавала.

У сваім выступе Лукашэнка закрануў тэму ўзаемаадносінаў з «заходнімі суседзямі».

«Усякае ў іх там бывае. І двайныя стандарты. І цяпер напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў яны ўжо нам пачынаюць намякаць: ды вы тут глядзіце, каб усё было дэмакратычна, каб не дай Бог на вуліцы не было сутыкненняў… Я нядаўна Макрон сказаў: ты глядзі, што ў цябе «жоўтыя камізэлькі» робяць і як ты там ваюеш!..

Ну, добра, там Францыя. А вы вазьміце ў вас партнёр ЗША. Вы бачыце, што там адбываецца. Там без слезацечнага газу не абыходзіцца. Вы пакрытыкуйце Трампа, пакрытыкуйце ЗША за адсутнасць дэмакратыі. На Расею паспрабуйце наехаць. Пабойваюцца! І вось яны напэўна вырашылі зноў патрэніравацца на Беларусі. Не атрымаецца! Мы сваю краіну будзем абараняць усімі законнымі метадамі. Незаконна ніхто нічога рабіць не будзе», – заявіў ён.

Фрагмент выступу Лукашэнкі выклаў у сеціва ТГ-канал «Пул первого».

Лукашэнка не сказаў, калі канкрэтна гэтая размова з Макронам адбылася. Але на сайце кіраўніка дзяржавы наагул няма інфармацыі пра сустрэчы з Макронам або тэлефонныя перамовы. Вядомы, што Лукашэнка і Макрон бачыліся асабіста летам 2018 года ў Маскве – яны абодва наведалі фінал Чэмпіянату свету па футболе. Аднак тады яшчэ руху «жоўтых камізэлек» не існавала – ён з’явіўся толькі напрыканцы 2018-га.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў