Лукашэнка: Я часта стаўлю Фідэля Кастра ў прыклад многім іншым кіраўнікам


Беларусь для Кубы заўсёды будзе надзейным і адданым сябрам, заявіў Лукашэнка 23 кастрычніка падчас афіцыйных перамоваў з прэзідэнтам Кубы Мігелем Марыё Дыяс-Канэлем Бермудэс, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Сёлета Бермудэс упершыню наведаў Беларусь як прэзідэнт Кубы. У траўні 2016 году ён быў у Менску ў якасці старшыні Савету міністраў Кубы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнія 25 гадоў гісторыі Кубы «разгортваліся на яго вачах».

«Я добра быў знаёмы з Фідэлем Кастра. У мяне да гэтага часу прыемныя ўражанні ад сустрэч з ім, перамоваў. Я вельмі часта прыводжу гэтага чалавека ў прыклад многім іншым кіраўнікам дзяржаў. Гэта быў вялікі чалавек. Я вельмі блізка і добра знаёмы з Раулем, добра ведаю Вас», – сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ўважліва назіраюць за тым, як у Кубе праводзіцца паглыбленае рэфармаванне эканомікі і палітычнай сістэмы.

«Мы вельмі спадзяемся, вельмі хочам, каб рэвалюцыйная, стойкая, мужная Куба была заўсёды паспяховай, а кубінцы былі багатымі людзьмі», – адзначыў Лукашэнка.

Прэзідэнт Кубы ў сваю чаргу канстатаваў, што выбар Беларусі ў якасці краіны для яго першага замежнага візіту кажа пра значнасць, прыярытэтнасць супрацы з краінай.

«Беларусь – гэта адна з першых краін, якую я наведваю пасля майго абрання Прэзідэнтам Рэспублікі Куба. Гэта сведчыць аб тым прыярытэце, які мы надаём адносінам з вашай краінай», – сказаў ён.

Кіраўнік кубінскай дзяржавы падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за віншаванне, якое той накіраваў яму ў сувязі з выбраннем на пасаду прэзідэнта. «Я таксама прывёз цёплыя і моцныя абдымкі ад генерала арміі Рауля Кастра», – дадаў Бермудэс.

КА belsat.eu

Стужка навінаў