Лукашэнка вызваліў хакейныя клубы ад платы за дзяржаўную нерухомасць


Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, ад платы за карыстанне дзяржаўнай нерухомасцю вызваленыя хакейныя клубы чэмпіянату Беларусі і навучальна-спартовыя ўстановы з хакейнымі аддзяленнямі.

Для трэніровак і спаборніцтваў ім бясплатна прадставяць дзяржаўныя лядовыя арэны і пляцоўкі, а таксама аб’екты гаспадарчых таварыстваў, якія належаць дзяржаве толькі напалову.

Акрамя хакейных клубаў, права на бясплатнае карыстанне дзяржаўнай нерухомай маёмасцю атрымаюць дзіцячыя і моладзевыя спартовыя ўстановы, школы здароўя і спартовыя секцыі, дзіцячыя гурткі і тэатры, прафсаюзы дзяржаўнай Федэрацыі і філіі праўладнага Саюзу пісьменнікаў, таварыства Чырвонага Крыжа і іншыя.

Усяго ў краіне дзейнічаюць 32 лядовыя арэны. У Чэмпіянаце Беларусі ў хакеі сёлета бралі ўдзел 12 камандаў, але ў наступным сезоне будуць гуляць толькі 8. Менскае «Дынама» адзінае сярод беларускіх клубаў гуляе ў Кантынентальнай хакейнай лізе, дзе 80% клубаў расейскія. Беларускія клюбы таксама ўдзельнічаюць у Кантынентальным кубку ў хакеі IIHF, чэмпіёнам якога з’яўляецца менскае «Юнацтва».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў