Лукашэнка выступіў на мітынгу ў Горадні. Галоўнае


У Горадні Аляксандр Лукашэнка выступіў на мітынгу сваіх прыхільнікаў, арганізаваным мясцовымі ўладамі.

Як піша БелТА, Лукашэнка заклікаў не ціснуць на міліцыю: «Не граміце гэтых людзей. Гэта вашыя людзі. Нават калі яны недзе памыліліся, даруйце ім».

Ён заявіў, што большасць інфармацыі пра пабоі, якія атрымалі пратэстоўцы ад АМАПу, гэта фэйкі. У тым ліку фэйкам Лукашэнка назваў гісторыю дзяўчынкі, якая пацярпела пасля сутыкнення з вайсковай машынай:

«Нядаўна мы паказалі пра дзяўчынку гарадзенскую, якую нібыта збіў АМАП і ўся краіна рыдала! Пяць дзён рыдала краіна, якія нягоднікі амапаўцы. А што апынулася на самай справе? Добра, дзякуй таго бацьку, які знайшоў мужнасць і сумленна сказаў: ніякі АМАП мяне не збіваў, мы трапілі ў ДТЗ. Дзякуй яму велізарнае, гэта мужны чалавек».

Лукашэнка заявіў пра ціск на чыноўнікаў і вайскоўцаў, і назваў СМІ – «часткай гібрыднай вайны» супраць Беларусі. «Я толькі што сказаў: субота, нядзеля на роздум. З панядзелка хай не крыўдзяцца. Улада павінна быць уладай», – дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў Горадні, 22 жніўня 2020 г.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Праўда, у іншай частцы сваёй прамовы ён намякнуў, што рэпрэсіі пачнуцца ўжо на выходных. Лукашэнка даручыў МУС, КДБ па Гарадзенскай вобласці на працягу суботы і нядзелі забяспечыць парадак на вуліцах Горадні і іншых гарадоў вобласці.

«Як бы камусьці не падабалася, трэба акуратна (не натоўпамі) выявіць усіх падбухторшчыкаў і правакатараў. У нас ёсць усе іх спісы. Трэба выявіць», – адзначыў ён.

Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што яны з Пуціным маюць адзіны погляд на сітуацыю ў Беларусі: «Мы з Пуціным сышліся ў меркаванні: нас цкуюць тут, каб кінуцца потым на Расею. Гэта трамплін, і мы яго павінны разбурыць. Гэта наша адзінае меркаванне з прэзідэнтам Пуціным»

belsat.eu

Стужка навінаў