Лукашэнка выбраў найлепшага з найгоршых




Крэмль прызначыў амбасадарам у Беларусі Міхаіла Бабіча, якога адразу нараклі ледзь не генерал-губернатарам нашай краіны. Нібыта ў адказ, Беларусь замяніла і свайго прадстаўніка ў Маскве. І не на абы-каго – інтарэсы афіцыйнага Менску ў Расеі прэзентуе былы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Ці дасць рады высокі чыноўнік на новай пасадзе, і чаму менавіта яго абраў Аляксандр Лукашэнка?

Якая задача амбасадара? Ладзіць культурніцкі абмен, адказваць за палітычныя праблемы ў двухбаковых дачыненнях, ды агулам – прэзентаваць інтарэсы ўласнай дзяржавы. Але тое ўва ўсіх выпадках, калі мы не гаворым пра Беларусь і Расею. Тут перад менскім прадстаўніком паўстае тытанічная задача.

«Атрымаць ільготныя ўмовы імпарту нафты і газу, атрымаць ільготныя ўмовы экспарту беларускай прадукцыі на расейскі рынак, атрымаць расейскія крэдыты. І каб пры гэтым Расея не моцна ціснула на Беларусь у нейкіх палітычных і вайсковых пытаннях», – кажа палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

У беларускіх экспертных колах Уладзіміра Сямашку лічаць эфектыўным і дасведчаным перамоўнікам. 68-гадовы чыноўнік адказваў за паліўна-энергетычную галіну ўжо амаль 17 гадоў. У Маскве на здольнасці Сямашкі глядзяць хутчэй крытычна.

«Захады Сямашкі ўсім даўно вядомыя. Гэта такое «абхайванне» – такое дрэннае слова, такое бясконцае ныццё пра тое, што беларусы выратавалі свет. Беларусы перамаглі фашызм, выратавалі Маскву і гэтак далей», – палітолаг з Масквы Андрэй Суздальцаў.

То бок – тыя ж аргументы, якія рэгулярна ўжывае і сам Крэмль на міжнароднай арэне. Тым не менш, у Расеі ад просьбаў стаміліся. Але прызнаюць, што ў пэўным сэнсе асоба Сямашкі – найлепшы выбар.

«Кадравы рэзерв Лукашэнкі вельмі невялікі. Людзі, што каля яго, – дольнікі карпарацыі пад назваю Беларусь. І паставіць іх на такую гарачую пазіцыю, як Расея, – нельга. Таму гэта быў выбар найлепшага з найгоршых», – лічыць Суздальцаў.

Праблему кадравага рэзерву толькі на мінулым тыдні прызналі і ў Адміністрацыі кіраўніка краіны Беларусі. Маўляў, трэба амалоджваць людскія актывы. Вось, быў нядаўна амалоджаны склад ураду. Але ці напраўду прыходзяць новыя людзі?

«Такое амаладжэнне адбываецца раз за разам, але дзяржапарат робіцца толькі старэйшы. Згадайма, з якім апаратам прыйшоў прэзідэнт Лукашэнка, то будзе відаць, што сённяшняе амаладжэнне – не дацягвае да таго часу», – адзначае экс-кіраўнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі.

Як падаецца і нашым экспертам, не дацягвае постаць Уладзіміра Сямашкі да ягонага расейскага калегі – Міхаіла Бабіча. Апошні, дарэчы, не проста амбасадар, а дыпламат з паўнамоцтвамі «адмысловага прадстаўніка ў эканамічных і гандлёвых пытаннях», што б тое ні азначала. І спадар Бабіч сустракаецца з чыноўнікамі, наведвае прадпрыемствы – ён шматкроць больш актыўны за сваіх папярэднікаў. Бо як раней ішлі двухбаковыя кантакты?

«Паміж урадамі, паміж тымі віцэ-прэм’ерамі, уласна Сямашка – менавіта яны вялі перамовы, а амбасадары былі часта не ў курсе. А вось у новага амбасадара новая палітычная вага – новая вага ў самой Расеі і новая вага, якую яму надаў Пуцін», – распавядае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Вось і Лукашэнка ў адказ надае надзвычайныя паўнамоцтвы свайму амбасадару ў Маскве:

«Яшчэ раз трэба паглядзець паўнамоцтвы нашага пасла ў Расеі. Я і Пуціна папярэдзіў – мы з ім абмяркоўвалі кандыдатуру Сямашкі. І ён так з усмешкаю кажа: ну я чакаю Уладзіміра Ілліча ў Маскве».

З усмешкаю – магчыма, таму, што разумее задачу наменклатурнага ветэрана. Выбіць кампенсацыю за гэтак званы падатковы манеўр – ужо налета вырасце падатак на здабычу нафты, і разам з гэтым зменшыцца экспартнае мыта. Гэта азначае даражэйшую нафту і меншы, нават да 300 мільёнаў долараў – прыбытак бюджэту з перапродажу расейскага чорнага золата.

«Гэта вельмі дзіўнае патрабаванне – фактычна: дайце кампенсацыю за датацыю. Вось нажыва на расейскім падтрыманні, тое, што нейкім шляхам за вось гэтыя чвэрць стагоддзя ў Беларусі стварыўся цэлы клас уласных алігархаў… На чым – хіба на бульбе?», – задаецца пытаннем Андрэй Суздальцаў.

І таму цяпер змагацца за гэтыя датацыі мусяць толькі самыя надзейныя людзі. Бо… хто, калі не Сямашка?

«Іншых перамоўнікаў у пытанні энерганосьбітаў проста не было. А ў папярэднія гады – дык там былі зусім іншыя сітуацыі. Хіба што з Лукашэнкам можна параўноўваць, але там ужо зусім іншы ўзровень», – працягвае Валер Карбалевіч.

Але ўласна ад кіраўніка Беларусі будзе залежаць поспех Уладзіміра Сямашкі ў Маскве. Відавочна, што злазіць з расейскай нафтагазавай іглы Менск не збіраецца, а таму – будзе Лукашэнка граць на руку Маскве, будуць і новыя датацыі – пагаджаюцца ўсе эксперты. А перамоўныя здольнасці амбасадара – рэч другасная. Хоць кіраўнік Беларусі хоча мець каля Крамля загартаванага ў баях ветэрана.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў