Лукашэнка: выбары прайшлі як свята, але тыя, хто захацеў яго сапсаваць, засвяціліся яшчэ ярчэй


Аляксандр Лукашэнка зрабіў першую заяву пасля абвяшчэння папярэдніх афіцыйных вынікаў галасавання.

10 жніўня ён сустрэўся са старшынём Выканаўчага камітэта – выканаўчым сакратаром СНД, кіраўніком місіі назіральнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым.

«Дзякуй за тое, што, нягледзячы на абстаноўку ў свеце, асабліва з эпідэміяй, вы не пабаяліся, як праўдзівы генерал, прыехалі ў Беларусь, каб на свае вочы ўбачыць сітуацыю, асабліва ў гэты электаральны перыяд.

Я ведаю ацэнкі вашай місіі і буду вельмі рады пачуць з вашых вуснаў заўвагі, прапановы, калі нейкія былі па ходзе выбарчай кампаніі. Але вы ж бачылі, што мы хацелі падарыць людзям свята, і яны сапраўды адгукнуліся».

Лукашэнка адзначыў, што выбары прайшлі пры рэкорднай за ўсю гісторыю яўцы, на ўчасткі галасавання людзі ішлі сем’ямі, разам з дзецьмі. На ягоную думку, пасля абвяшчэння канчатковых вынікаў, яўка можа быць яшчэ вышэй.

«Мяне, шчыра кажучы, замілоўвае, калі з маленькім дзеткамі прыходзяць. Разумееце, гэта свята. Камусьці захацелася сапсаваць гэтае свята. Мы іх убачылі – яны засвяціліся яшчэ ярчэй гэтай ноччу. Мы зафіксавалі (вам гэта вядома, як былому выведніку) званкі з-за мяжы. З Польшчы, Вялікай Брытаніі і Чэхіі былі званкі, кіравалі нашымі, прабачце мяне, авечкамі: яны не разумеюць, што робяць, і імі пачынаюць ужо кіраваць».

Стужка навінаў