Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння падчас наведвання 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, перадае БелТА.
У сваёй прамове ён намякнуў на выкарыстанне войскаў для разгону вулічных дэманстрацыяў.
«Калі мне давялося вызначацца, якія ўзброеныя сілы нам трэба, асабліва пасля 2010 года, я зразумеў, што трэба мець у запасе падрыхтаваных байцоў, часткі ва Узброеных сілах. На ўсялякі выпадак, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Непажадана, вядома, каб нам прыйшлося звяртацца да Узброеных сілаў. Але ўсякае можа быць. Прыкладам таму з’яўляюцца ЗША».
Гаворачы пра вайсковыя часткі ў Марʼінай Горцы і Уруччы, Лукашэнка звярнуў увагу, што яны добра падрыхтаваныя, у тым ліку каб не дапусціць эскалацыі ўнутры краіны.
«Дзяржсакратар [Савету бяспекі Андрэй Раўкоў] правільна сказаў, што ўсякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацыяў, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас замала «майданутых»), іх падцягнуць з боку. Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК (прыватныя вайсковыя кампаніі) ва ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах», – адзначыў Лукашэнка.
Ён таксама сказаў, што гэтак было ў Лівіі, Іраку, Сірыі. «Стала толькі горш. Гэта кіраваны хаос», – дадаў Лукашэнка.
Варта адзначыць, што сярод байцоў прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра (якая дэ-факта з’яўляецца адным з падраздзяленняў узброеных сіл РФ) ёсць больш за дзясятак грамадзянаў Беларусі. Яны спакойна наведвалі радзіму і нават атрымалі новыя пашпарты па вяртанні з фронту.
КА belsat.eu