Лукашэнка ўзнагародзіў прэзідэнта Егіпта ордэнам


Лукашэнка ўручае ордэн ас-Сісі.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 18 чэрвеня ўзнагародзіў прэзідэнта Егіпта Абдэлфатаха ас-Сісі ордэнам Дружбы народаў. Цырымонія ўручэння адбылася пасля завяршэння перамоў паміж імі і падпісання шэрагу пагадненняў.

Ордэн уручаны за значны асабісты ўклад у развіццё двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Егіптам, заслугі ў справе ўмацавання міру, кансалідацыі грамадства і яднання народаў, паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка Беларусі.

Падчас сустрэчы Лукашэнка заявіў, што візіт ас-Сісі мае гістарычнае значэнне для двухбаковых адносін.

«Гэта першы візіт Прэзідэнта гіганцкай афрыканскай краіны ў нашу Беларусь», – сказаў ён і дадаў, што паміж дзяржавамі няма ніякіх праблемных пытанняў і закрытых тэм.

Кіраўнік Беларусі назваў Егіпет найважнейшым партнёрам на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. За апошнія два гады двухбаковы тавараабарот вырас амаль удвая і ў 2018 годзе перасягнуў $ 100 млн.

Ас-Сісі пацвердзіў гатоўнасць пашыраць супрацу з Беларуссю па ўсіх напрамках і працягваць рэалізацыю сумесных праектаў.

Hавiны
Пакуль прэзідэнт Егіпту наведвае Беларусь, ягоны папярэднік памёр у турме
2019.06.17 19:54

Па выніках сустрэчы бакі падпісалі дарожную карту развіцця супрацы на 2019-2020 гады. Гэтак, Беларусь пацвердзіла, што падтрымлівае больш хуткае заключэнне пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і Егіптам. А егіпецкі бок паабяцаў садзейнічаць супрацы Беларусі з краінамі Афрыкі. Каір таксама абавязаўся падтрымаць сумесныя праекты праз стварэнне роўных умоў для ўдзелу ў дзяржаўных тэндарах, спрашчэнне рэгістрацыі сумесных прадпрыемстваў.

Бакі дамовіліся пашыраць супрацу ў інфармацыйна-камунікацыйных, аэракасмічных і авіяцыйных тэхналогіях, нанаматэрыялах, генетыцы, металазнаўстве, фармацэўтыцы, оптыцы. Плануецца выпрацаваць механізмы прыцягнення егіпцянаў на навучанне ў беларускія ўстановы адукацыі, стварыць сумесныя факультэты, накіроўваць беларускіх спецыялістаў на стажыроўкі ў Егіпет.

Працягнецца і ўзаемадзеянне ў сферах турызму, культуры. Гэтак, у 2019 годзе ў Беларусі пройдуць Дні культуры Егіпта.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў