Лукашэнка – ураду: «Змусьце ўсіх працаваць»


На эканамічнай нарадзе, якая адбылася 7 снежня, Аляксандра Лукашэнка ізноў загадаў разабрацца з дармаедамі, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе загадаў разабрацца з тымі беларусамі, хто не мае працы.

«Падключыце, каго вы лічыце патрэбным. Неадкладна паставіць на ўлік усіх дармаедаў, якія цягаюцца, і прымусіць іх працаваць. Паўтараю: як бы гэта непапулярна не гучала. Сёння непрацоўны, чалавек, які цягаецца па вуліцы, – гэта не проста «пратэстун», гэта будучы злачынца».

Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава змушаная выдаткоўваць вялікія грошы на расследаванне гэтых «злачынстваў», а таксама на ўтрыманне іх у «месцах не вельмі аддаленых».

«У кожнага мусіць быць пералік такіх дармаедаў, якія мусяць працаваць», – заявіў ён.

Беларускі ўрад ужо спрабаваў змусіць беспрацоўных беларусаў працаваць. У 2015 годзе свет пабачыў «Дэкрэт аб дармаедстве», які прадугледжваў для людзей, якія не працуюць цягам паўгода штраф у $180.

Дэкрэт моцна ўдарыў па дробных і малых мястэчках Беларусі, дзе былі праблемы з працаю, і стаў прычынаю шматтысячных дэманстрацыяў па ўсёй краіне.

Цяпер дзеянне дэкрэту прыпыненае.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў