Лукашэнка ўпершыню пасля чутак пра інсульт паехаў у працоўную паездку. Як гэта выглядала?

ВІДЭА

Лукашэнка 1 жніўня падчас візіту ў Менскі раён. Фота - president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня падчас працоўнай паездкі ў Менскі раён распавёў журналістам пра харчовую бяспеку Беларусі. Гэта быў першы працоўны візіт Лукашэнкі пасля з’яўлення чутак пра ягоную цяжкую хваробу.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, ён заклікаў чыноўнікаў шкадаваць людзей і не прымушаць працаваць у днём у пік спякоты. Акрамя таго, ён пацікавіўся ў «маладога механізатара» спраўнасцю камбайнаў і адказаў на пытанні журналістаў. Журналісты прэзідэнцкага пула, мяркуючы па ўсім, абмежаваліся пытаннямі, якія тычацца будучага ўраджаю.

Асобна Лукашэнка спыніўся на тэме харчовай бяспекі.

«Калі ў цябе няма свайго і табе хтосьці пастаўляе, ён у любы момант цябе можа ўзяць за горла. І ўсё – няма незалежнасці, няма суверэнітэту, – адзначыў ён. – Хто не нюхаў гэтага хлеба, той ніколі не зразумее, што трэба мець сваё. Усё трэба мець сваё, на што мы здольныя. Гэта падымае нацыю, людзей, дае магчымасць ім зарабляць».

Дзяржаўныя СМІ асвятлялі візіт Лукашэнкі традыцыйна: напрыклад, тэлеканал «Беларусь-1» прысвяціў вялікі амаль 7-хвілінны сюжэт, БелТА апублікавала шэраг заметак, якія ў асноўным дублююць інфармацыю прэс-службы. Прэс-служба ў сваю чаргу апублікавала тры фотаздымкі Лукашэнкі з паездкі.

Нагадаем, 30 ліпеня чуткі пра цяжкую хваробу Лукашэнкі распаўсюдзіў тэлеграм-канал «Незыгарь», уладальнікам якога расейскія журналісты называюць генеральнага дырэктара агенцтва ТАСС Сяргея Міхайлава. Канал пазіцыянуе сябе як «інсайдарскі». Ён папулярны сярод чыноўнікаў і журналістаў. У апошнія месяцы «Незыгарь» пачаў публікаваць сенсацыі з беларускай закулісы.

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант зняпраўдзіла чуткі пра хваробу, назваўшы іх «трызненнем». Учора Лукашэнка ўпершыню за некалькі дзён зʼяіўся ў публічнай прасторы – ён прыняў з дакладам старшыню Менаблвыканкаму Анатоля Ісачонка.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары