Лукашэнка ўхваліў кандыдатуру Станіслава Зася на пасаду генеральнага сакратара АДКБ


Лукашэнка і Зась, 21 снежня. Фота - president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прызначэнне Станіслава Зася на пасаду генеральнага сакратара АДКБ і падпісаў адпаведны праект Савету калектыўнай бяспекі АДКБ. Аднак у самой арганізацыі кансэнсусу па гэтым пытанні пакуль няма.

«Я раней казаў пра тое, што быў не адзін кандыдат ад Беларусі. Але я спыніўся на прапанове Зася, каб паказаць, калі можна так сказаць, прыклад, што пара нам ужо ў гэтай арганізацыі перайсці ад нейкага фармальнага прызначэння былых, адстаўных генералаў (нічога не хачу дрэннага сказаць пра іх) да дзейных маладых і перспектыўных генералаў, каб надаць значэнне гэтай арганізацыі. Тым больш што мы прызначалі адстаўных генералаў, якія ўжо даўно адышлі ад вайсковай службы, ад палітыкі, але ўсё ж такі гэта ваенна-палітычная арганізацыя», – растлумачыў Лукашэнка сваё рашэнне падчас асабістай сустрэчы з Засям.

Як было заяўлена на сустрэчы з Лукашэнкай, кандыдатуру Зася ўжо падтрымалі кіраўнікі Кыргызстану, Казахстану, Таджыкістану і Расеі.

Між тым, прэс-сакратар сакратарыяту АДКБ Уладзімір Зайнетдынаў заявіў РИА Новости, што рашэнне Рады калектыўнай бяспекі АДКБ аб прызначэнні новага генеральнага сакратара мусяць падпісаць усе кіраўнікі краінаў-чальцоў арганізацыі.

Ерэван пакуль не дае згоды на прызначэнне Зася (нагадаем папярэдні генеральны сакратар АДКБ, прадстаўнік Арменіі Юры Хачатураў быў адкліканы датэрмінова). Прэсс-сакратар прэм’ер-міністра Арменіі Арман Эгаян заявіў, што Ерэван настойвае на тым, каб генеральнага сакратара АДКБ выбіралі шляхам кансэнсусу.

Прэс-сакратар Пашыньяна: Лукашэнка зноў выдае змест закрытых сустрэчаў

Сам дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі Беларусі Станіслаў Зась заявіў БелТА, што статут АДКБ прадугледжвае прыняцце рашэнняў у абмежаваным фармаце, то бок без падтрымання ўсіх чальцоў. Але ён усё ж спадзяецца, што атрымаецца дасягнуць кансэнсусу.

«Гэты варыянт будзе найлепшым і самым карысным для справы. Трэба пераадолець гэтыя рознагалоссі і далей запускаць нармальную працу», – адзначыў Зась.

Две задачы Пашыньяна пасля выбараў. Інтэрв’ю з палітолагам Эдгарам Варданьянам

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары