Лукашэнка ў царкве распавёў пра каронавірус, сваю палітыку і правёў паралелі паміж падзеямі ў ЗША ды Беларусі


Аляксандр Лукашэнка падчас наведання царквы Узвышэння Святога Крыжа пракаментаваў падзеі ў ЗША. Напярэдадні прыхільнікі Доналда Трампа ўварваліся ў будынак Капітолію. Лукашэнка правёў паралелі з падзеямі ў Беларусі, піша ягоная прэсавая служба.

Аляксандр Лукашэнка ў царкве на Раство згадаў апошнія падзеі ў ЗША. Пры гэтым ён зрабіў выснову, што беларускім пратэстоўцам неабходна супакоіцца. Паводле яго, нельга дапусціць, каб яны хадзілі па дварах.

«Таму нам трэба сабрацца, трэба супакоіцца. Не нам, якія стаяць тут. Але той невялікай групе, якая сёння ў выходныя ходзіць па Менску. Я ж вас папярэджваў: кепска, калі яны ходзяць па вуліцы, яшчэ горш, калі яны ідуць у двары, будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашыя кватэры. Мы не павінны гэтага дапусціць», – сказаў ён.

Лукашэнка выказаў думку, што трэба данесці гэта да свядомасці апанентаў, інакш можа пачацца гарачая вайна, на якой будуць развязвацца чужыя пытанні.

«Мы павінны ўсе разам сабрацца і абразуміць тых, хто сёння гэтага не разумее. Нам не патрэбныя ні войны, ні сутычкі. Нам іх прынясуць, паглядзіце. Нам спакойнага жыцця не дадуць. Нам свабодна дыхаць ніхто не дазволіць, у цэнтры Еўропы. Гэта сутычка. І не дай бог яна ператворыцца ў гарачую вайну на нашай тэрыторыі, але дзе не будуць вырашацца нашыя пытанні, дзе не будзе нашых інтарэсаў. Вось гэтага дапусціць нельга. Гэта галоўнае. І я вас прашу аб адным: каб з вашага боку было разуменне», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і каронавірус. З ягоных словаў, сітуацыя з пандэміяй у іншых краінах катастрафічная, але Бог беражэ Беларусь. Ён заклікаў жыхароў краіны ўзяцца за галаву, бо толькі разам усе могуць уратаваць «кавалачак зямлі», такім чынам ён называў Беларусь.

Палітолаг Павел Усаў у сваім Telegram-канале піша, што Лукашэнка скарыстаўся сумным досведам Вашынгтону для апраўдання тэрору і рэпрэсіяў у Беларусі.

«Псіхалогія класічнага няўдачніка, які чакае толькі таго, каб удачлівы і паспяховы спатыкнуўся, каб апраўдаць уласныя заганы і жыццёвую паразу. На жаль, поспехі дэмакратычных таварыстваў ніяк не ўплываюць на закасцянелыя аўтарытарызмы, а вось няўдачы, памылкі, бедствы, гібель людзей служаць дадатковаю падпораю для палітыкі мясцовых тыраніяў і аўтарытарнай свядомасці. «Ой, паглядзіце, там Капітолій штурмуюць, а ў нас такога няма. Лукашэнка малайчына», – піша Павел Усаў.

Інтэрв’ю
«Адзін з самых цёмных дзён у гісторыі ЗША». Паразмаўлялі з беларускай, якая жыве ў Вашынгтоне
2021.01.07 15:15

 

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў