Лукашэнка ў Пінску: «Трэба сыходзіць на новыя рынкі, асвойваць Азію, Афрыку, ЕЗ, ЗША»


Кіраўнік Беларусі нагадаў пра неабходнасць дыверсіфікацыі экспартавых рынкаў. Сваймі развагамі Аляксандр Лукашэнка падзяліўся падчас сённяшняй «размовы» з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ЗАТ «Амкадор-Пінск».

«Трэба сыходзіць на новыя рынкі, асвойваць Азію, Афрыку, Лацінскую Амерыку, ЕЗ, ЗША, не губляючы, вядома, асноўнага расейскага рынку», – заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нядаўні абвал на расейскім і ўкраінскім рынках у попыце і абʼёмах продажаў прадукцыі негатыўна адбіўся на беларускай эканоміцы.

«Гэта таму, што мы не паспелі дыверсіфікаваць экспарт. Хоць гадоў 15 таму больш за 80 % прадукцыі мы прадавалі ў Расею. Сёння – менш за 50 %. Гэта значыць, прыстойны шлях пройдзены. Але расейскі рынак пакуль яшчэ вельмі ўплывае на нас. Калі там абвал, то мы гэта адразу адчуваем», – адзначыў кіраўнік краіны.

Чытайце таксама >>> Лукашэнку чакаюць у Пінску – нават зладзілі рэпетыцыю працы тэхнікі

«Таму мы дыверсіфікуем рынкі, але не губляем расейскі. Ён побач. Тым больш, тэхніка, якую мы вырабляем, знаходзіць попыт у Расеі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да працаўнікоў ЗАТ «Амкадор-Пінск» (вытворца спецтэхнікі) Лукашэнка паабяцаў, што беларускае машынабудаванне будзе развівацца ўглыб. «Нашаму машынабудаванню быць, і не ў зрэзаным выглядзе. Мы будзем ісці ўглыб… Не тое, што прывезлі запчасткі з-за мяжы, тут сабралі і выхваляемся. Мы мусим рабіць усё самі, на нашых прадпрыемствах», – заявіў Лукашэнка.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў