Лукашэнка ў пастцы, або Не гуляйце з імперыяй

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Сочы, 15 лютага 2019 года. Фота – Forum

Няўжо Крэмль амаль даціснуў? Падыходы Масквы і Менску ў пытаннях інтэграцыі зблізіліся на 90%, заявіў расейскі міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін. Некалькі тыдняў таму беларускі прэм’ер Сяргей Румас казаў, што гэтак званае паглыбленне інтэграцыі ўзгодненае на 70%.

Арэшкін падкрэслівае, што абмеркаванне ідзе строга ў межах саюзнай дамовы, падпісанай у 1999 годзе. Але ў тым-та і фішка, што тады малады прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падмахнуў дакумент, рэалізацыя якога пагражала і сёння пагражае Беларусі стратай суверэнітэту.

Злыя языкі кажуць, што амбітны «славянскі віцязь» Лукашэнка імкнуўся да месца старога хворага Барыса Ельцына. Але месца заняў чэпкі Уладзімір Пуцін, які стаў фарсіраваць пытанне элегантнага паглынання Беларусі пад маркай «братняга яднання».

Інтерв’ю
Экс-міністарка абароны Літвы: «Анексія Беларусі ідзе. Лукашэнка адказны»
2019.04.16 10:59

Так Беларусь апынулася ў пастцы разам з правадыром. Праўда, першыя атакі Крамля ў мінулым дзесяцігоддзі Лукашэнка адбіў. Усімі праўдамі і няпраўдамі адбаярыўся ад адзінай валюты, заявіўшы журналістам, што па заробак у Крэмль ездзіць не збіраецца.

Не хочаце? Тады смакчыце лапу

Але Масква, падобна, менавіта да гэтага хоча цяпер прымусіць. Беларускія начальнікі маўчаць, як партызан на допыце, наконт канкрэтыкі перамоваў. А вось маскоўскія дзеячы кажуць крыху больш. У мінулую пятніцу кіраўніца Цэнтрабанку РФ Эльвіра Набіуліна пацвердзіла, што перамовы з Беларуссю аб пераходзе на адзіную валюту вядуцца (ды згадала, што яны яшчэ на пачатковай стадыі).

Пры гэтым дурню зразумела, што дэ-факта гаворка ідзе пра пераход на расейскі рубель. Пасля чаго паглынанне беларускай эканомікі (якая складае толькі некалькі адсоткаў ад расейскай), а потым і ўсёй краіны з трыбухамі стане справай тэхнікі.

Меркаванні
Інтэграцыйнае маўчанне
2019.06.08 17:07

Прычым цяпер адбіцца нашмат цяжэй. Раней Масква хоць і нагадвала часам, што не грэх бы дабудаваць Саюзную дзяржаву, але працягвала па-ранейшаму шчодра падсілкоўваць беларускую эканоміку. А цяпер – дудкі! Адмовілася кампенсаваць наступствы падатковага манеўру ў сваёй нафтавай галіне (а гэта пагражае беларускаму бюджэту стратай амаль 11 млрд долараў да 2024 года), падвесіла абяцаныя крэдыты, цямніць з коштам газу з 2020 года, чапляецца да беларускага харчавання і г.д.

Карацей, пытанне стаіць рубам: або прасунутая інтэграцыя, або смакчыце лапу.

Дзве памылкі беларускага правадыра

Першая памылка Лукашэнкі была ў тым, што ён паспадзяваўся абхітрыць імперыю, калі задумаў з ёй гульню ў «братнюю інтэграцыю». Але эпоха «нафты за пацалункі» скончылася. Імперыя вырашыла ўстаць з каленяў, паказала сваю хватку на Грузіі, Украіне, а цяпер вось узяла ў абарот і Менск.

Другая памылка Лукашэнкі ў тым, што ён спадзяецца неяк вырашыць сітуацыю з Пуціным, не праводзячы рэформаў і не падключаючы народ.

Але без трансфармацыі страшна прывязаная да рэсурсаў і рынку Расеі беларуская эканоміка будзе слабець, а значыць, будзе раставаць і рэсурс супраціву крамлёўскаму націску. Без моцнага палітычнага класа і магутнай, нацыянальна свядомай грамадзянскай супольнасці не будзе духоўных гарантый незалежнасці.

Аднак Лукашэнка, які кіруе Беларуссю чвэрць стагоддзя, відавочна, баіцца даць адмашку на рэформы і адкруціць гайкі ў грамадска-палітычнай сферы. Бо могуць захістацца асновы асабістай улады. Так што – цягнуць і не пушчаць. Прызначаючы на ​​мінулым тыдні новага міністра ўнутраных спраў, кіраўнік дзяржавы даў красамоўны наказ: «Той, хто заслугоўвае па мазгаўні або па мордзе, павінен атрымаць».

Hавiны
Лукашэнка – міністру: Той, хто заслугоўвае па мазгаўні або па мордзе, павінен атрымаць
2019.06.11 16:26

Краіны Балтыі на мяжы 1990-х выкарыстоўвалі гістарычны шанец, каб адарвацца ад імперыі. Так, рай зямны не пабудавалі, але заробкі там у разы вышэйшыя за беларускія, і шантажаваць вентылем гэтыя дзяржавы ЕЗ і NATO Масква ўжо не можа.

У беларускім жа выпадку пятля надзейная, і Крэмль не спяшаецца. Не пагражае танкамі і зялёнымі чалавечкамі. Ён здзекліва ветлівы: а памятаеце паперчыну, якую падпісалі напрыканцы мінулага тысячагоддзя? Ну дык што, будзем збліжацца або рабіць з сябе абражаную нявіннасць?

Не бывае «братэрскай інтэграцыі» з імперыяй. Дай мезенчык – адкусіць руку.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў