Лукашэнка ў інтэрв'ю агенцтву «Хабар»: Касым аке, як я яго называю...


21 кастрычніка на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі зʼявілася інтэрвʼю казахстанскаму інфармацыйнаму агенцтву з красамоўнай назвай «Хабар». У ім Аляксандр Лукашэнка шмат хваліў экс-прэзідэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева і разважаў пра будучыню інтэграцыі ў межах ЕАЭС, паскардзіўся на Расею, а таксама прызнаўся, што ён аўтарытарны лідар. Прыводзім самыя цікавыя цытаты з гэтай размовы.

Нафта і шчасце без Расеі

Аляксандр Лукашэнка прыгадаў у інтэрвʼю пра беларуска-казахстанскі праект паставак нафты, які, імаверна знаходзіцца пад пытаннем праз пазіцыю Масквы.

Hавiны
Падпісанне нафтавай дамовы з Казахстанам адкладаецца
2019.09.27 17:03

«Калі Расія зацікаўлена ў развіцці нашага эканамічнага саюзу, яна не стане перашкаджаць гэтаму. Калі мы пачнем блакаваць агульныя праекты ў ЕАЭС, ну што ж, як я часта кажу, тады іншыя краіны, як Беларусь, Казахстан, будуць шукаць шчасця на баку. Трэба каб былі сумесныя праекты».

Пра свабоды

«Нам трэба вырашыць галоўныя пытанні ў ЕАЭС, пра якія мы казалі і без якіх наагул не можа быць Еўразійскага эканамічнага саюзу. Вось гэтыя знакамітыя свабоды: свабода перамяшчэння працоўнай сілы, паслугаў, капіталаў, фінансаў, тавараў і гэтак далей. Ці ўсё тут адпрацавана? Ці ўсё тут добра? Не».

Назад у СССР

«Вы ведаеце, у нас ёсць памылковы тэзіс. Часта пра гэта кажуць. Нават Нурсултан часта казаў аб гэтым: вы ведаеце, Еўрапейскі звяз ствараўся дзесяцігоддзямі, а мы вось толькі зʼявіліся. Вы ведаеце, Еўрапейскі звяз – гэта розныя краіны. Яны не мелі такога досведу жыцця ў адной краіне, як постсавецкія рэспублікі. Мы ж жылі ў адной краіне. У нас велізарны досвед. У нас вось гэтая аснова. У нас адзіная мова, у нас шмат агульнага, таму мы гэты шлях можам прайсці хутчэй, чымся Еўрапейскі звяз. Так, мы павінны бачыць, што ў іх не атрымалася, і не рабіць памылак. Трэба вучыцца на чужых памылках. Але ісці мы можам хутчэй. Мы жылі ў Савецкім Саюзе, там была абсалютна цесная інтэграцыя. Не трэба яе знішчаць. Трэба ўзнавіць тое, што разбурана. Нам трэба будзе над гэтым працаваць. Калі шчыра казаць, тут у нас, як у Казахстане кажуць, яшчэ конь не валяўся».

Пра аўтарытарызм

«Вядома, у нас такая сістэма ўлады, збольшага аўтарытарная, тут хаваць няма чаго. І Нурсултану ў свой час, і мне… Улада вялікая, але і адказнасць уся на табе. І з аднаго боку, нам пашанцавала, а з другога боку – прыйшлося моцна ўпірацца, каб гэта зрабіць. Нам пашанцавала ў тым, што мы мірна, спакойна стварылі свае дзяржавы. Вы – суверэнны незалежны Казахстан, і Беларусь суверэнная і незалежная. І мы (я тут, ён – там) былі кіраўнікамі. Вядома, шмат перакладаецца на кіраўнікоў».

Такаеў – разумнік

«Касым аке [Касым-Жомарт Такаеў – дзейсны кіраўнік Казахстану], як я яго называю коратка, з вялікай павагай, – гэта чалавек, які не проста можа працягнуць, ён можа прымножыць цяперашнія рэаліі ў нашых адносінах. Вельмі пісьменны, талковы, разумнік, адукаваны. Ён як чалавек мяккі, добры, беззапаветна любіць сваю краіну, свой Казахстан і ў той жа час разумее праблемы і інтарэсы краінаў, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз. Таму ёсць аснова. Ёсць мэта, і мы будзем яе прытрымлівацца. Паверце: мы дадамо, у нас адносіны будуць яшчэ лепш».

24 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка паляціць з працоўным візітам у Казахстан.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў