Лукашэнка: у Беларусі і Славеніі «вымалёўваюцца» 3–4 праекты


Прэзідэнт лічыць, што калі іх рэалізаваць, «нават Еўрапейскі звяз не зможа паўплываць» на стасункі двух краінаў.

24–25 сакавіка Беларусь наведаў намеснік прэмʼер-міністра і міністр замежных справаў Славеніі Карл Эрʼявец.

Спачатку ён сустрэўся з Уладзімірам Макеям, а потым – з Аляксандрам Лукашэнкам.

Кіраўнік Беларусі падзякаваў Эрʼяўцу за пазіцыю Славеніі па Беларусі: паводле славенскага чыноўніка, ягоная краіна выступала супраць санкцыяў у дачыненні да Беларусі, бо «яны не вырашаюць існуючых праблемаў».

«Мы людзі ўдзячныя і бачым усё – пачынаючы ад гэтых палітычных пытанняў і заканчваючы звычайнымі адносінамі паміж людзьмі. Я маю на ўвазе вашае добрае стаўленне да беларускіх дзяцей з пацярпелых чарнобыльскіх раёнаў, якіх вы ўвесь час запрашаеце на адпачынак, аздараўленне», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Падмуркам двухбаковых адносінаў паміж дзяржавамі, на думку Лукашэнкі, зʼяўляецца эканоміка.

«Я кажу пра эканоміку не таму, што тут ёсць нейкія праблемы. Мы супрацоўнічаем з прадстаўнікамі славенскага бізнесу, з усімі тымі, хто хацеў бы з намі супрацоўнічаць», – заўважыў кіраўнік краіны.

Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі захаваліся самыя цёплыя, добрыя пачуцці ў дачыненні да рэспублік былой Югаславіі, у тым ліку Славеніі.

«У беларускага народа і мяне асабіста склалася вельмі добрае меркаванне аб гэтым квітнеючым кавалачку зямлі, аб славенцах, і гэта, вядома ж, накладвае сурʼёзны адбітак на двухбаковыя адносіны ў добрым сэнсе слова», – падкрэсліў ён.

«Каб надаць стабільнасць эканамічным адносінам, трэба было б мець некалькі буйных сумесных праектаў, можа быць 3–4, яны ў прынцыпе вымалёўваюцца, каб самым цесным чынам звязаць дзве краіны, каб потым ужо нават Еўрапейскі звяз не змог на гэта паўплываць, таму што асновай усяго зʼяўляецца эканоміка», – дадаў Лукашэнка.

Імаверна, гаворка пра сумесныя праекты ў энергетыцы і будаўніцтве. Пра іх заяўляла летась намесніца міністра замежных справаў Алена Купчына, калі выказвала спадзяванні, што таваразварот Беларусі і Славеніі ў 2016-ым вырасце. Апошнімі гадамі назіраецца ягонае зніжэнне.

ДД

Стужка навінаў