Лукашэнка святкуе перамогу на выбарах у Аўстрыі


Зэбаст’ян Курц сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам прынамсі двойчы. І ў якасці міністра замежных справаў Аўстрыі той абяцаў палепшыць адносіны Беларусі з Еўразвязам. Ці дапаможа гэта Менску і дзе ў Беларусі аўстрыйскія інвестыцыі?

Курц на збліжэнне з Беларуссю?

31-гадовы, абаяльны, з выглядам мадэлі з глянцу. Але знешнасць у выпадку Зэбастʼяна Курца можа быць зманлівай. Сэрцы сваіх выбарнікаў ён скраў перадусім жорсткім стаўленнем да мігрантаў.

«Абяцаю, што мы зробім усё, каб пакласці канец злоўжыванню іміграцыяй у нашай сацыяльнай сістэме. Скарыстацца з яе змогуць толькі тыя, хто насамрэч мае патрэбу. Сёння я таксама абяцаю, што мы спынім незаконную міграцыю, каб дамагчыся большага парадку і бяспекі ў Аўстрыі», – заявіў Курц.

Большасць у парламенце Курц можа стварыць дзякуючы кааліцыі з Партыяй свабоды, якая атрымала другі вынік на выбарах. На яе чале стаіць Гайнц-Крыстʼян Штрахэ – палітык са скрайне правымі поглядамі і скрайне прыхільны да Расеі. У такой сітуацыі імаверная кааліцыя моцна непакоіць Еўразвяз. Хоць Курц ужо запэўніў, што не зменіць еўрапейскага кірунку.

«Любы ўрад, які я сфармую, будзе праеўрапейскі. Гэта будзе ўрад, які жадае актыўна фармаваць Еўропу і змяняць яе да лепшага», – кажа Зэбастʼян Курц.

Змяняць да лепшага палітык абяцаў і стасункі Еўразвязу з Беларуссю. Курц прыязджаў у Менск у якасці міністра замежных справаў Аўстрыі два гады таму. А сёлета яшчэ і ў ролі старшыні АБСЕ.

«Я вось напярэдадні сустрэчы падумаў, што, напэўна, мы з вамі, а перадусім вы, увойдзеце ў гісторыю як чалавек, які ўзнавіў адносіны паміж Беларуссю і Аўстрыяй», – заявіў кіраўнік Беларусі.

У словах кіраўніка Беларусі нямала хітрасці. Бо дачыненні паміж паміж краінамі палепшыліся значна раней. Яшчэ ў 2002-м годзе неўязны ў Еўразвяз Лукашэнка адпачываў на горналыжным курорце ў Альпах. Як стала вядома пазней, паездку кіраўніка Беларусі фінансаваў тагачасны кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аўстрыі.

«Мы бачылі, што аўстрыйскі бізнес меў пэўныя стасункі з беларускім бізнесам і персанальна з Аляксандрам Лукашэнкам. Аўстрыйскія дыпламаты і вышэйшыя асобы ніколі не ігнаравалі яго і, хутчэй, выступалі за зняцце санкцыяў з Беларусі, калі гэтыя санкцыі былі», – каментуе Андрэй Ягораў з Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Бо санкцыі не ідуць на карысць аўстрыйскаму бізнесу. А ён у Беларусі пачуваецца камфортна.

Аўстрыйскія кампаніі маюць большасць акцыяў «Прыёрбанку» і ўсе акцыі кампаніі «Velcom». Ім жа належыць траціна капіталу ў страхавой кампаніі «Купала».

Прысутнічае на беларускім рынку і «Кронаспан» – адзін з сусветных лідараў у сферы дрэваапрацоўвання. Холдынг ужо заінвеставаў у Беларусь каля мільярда долараў.

«Аўстрыйцы гатовыя ўкладаць грошы. Мне самому даводзілася бываць у Вене, яны дастаткова зацікаўленыя ў любых капіталах – ад $ 100 тыс. долараў і да $ 10 млн», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Пры гэтым іх не цікаваць наяўнасць палітвязняў у Беларусі і фальсіфікацыя выбараў. У адрозненне ад такіх краінаў Еўразвязу як Польшча ці Швецыя, Аўстрыя ніколі фінансава не падтрымлівала дэмакратычныя перамены.

«Раскрою таямніцу аўстрыйскіх палітыкаў. Яны не будуць укладаць сюды ніводнага еўра ў праекты, якія маюць палітычную афарбоўку», – адзначае Заіка.

На меркаванне экспертаў, невыпадкова і тое, што амбасаду Беларусі ў Аўстрыі ачольвае Алена Купчына – былая намесніца міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, якая шмат зрабіла для пацяплення адносінаў паміж Менскам і Бруселем. Што цікава, сам міністр вучыўся дыпламатыі ў акадэміі аўстрыйскага МЗС.

«Хутчэй, гэта будзе працяг той самай палітыкі, што і раней. Такі цынізм лёгкі, перавага да эканамічнага супрацоўніцтва, меншая ўвага да правоў чалавека і сітуацыі з дэмакратыяй», – мяркуе Андрэй Ягораў.

А да ўсяго – наяўнасць гарналыжных курортаў, якімі славяцца аўстрыйскія Альпы і якія так любіць кіраўнік Беларусі. Хоць для аматара лыжаў эксперты маюць адну істотную заўвагу: нават прыязная Аўстрыя не ўратуе Лукашэнку, калі Еўразвяз вырашыць аднавіць санкцыі супраць Беларусі.

Вольга Жарнасек

Сюжэт выйшаў 21 кастрычніка ў праграме «Прасвет»

Іншыя тэмы праграмы:

Стужка навінаў