Лукашэнка: Свет сёння нагадвае перыяд перад сусветнай вайной


24 траўня 2018 г. Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер і Аляксандра Лукашэнка на канферэнцыі “Менскі дыялог”. Фота -REUTERS/Vasily Fedosenko

24 траўня кіраўнік Беларусі выступіў на пленарнай сесіі «Як зрабіць Усходнюю Еўропу рэгіёнам супрацоўніцтва, а не канфрантацыі?» у межах міжнароднага форуму «Менскі дыялог». Некалькі важных цытатаў з выступу кіраўніка Беларусі прыводзіць выданне «Наша Ніва».

Арганізатары «Менскага дыялогу» адмовілі «Белсату» у магчымасці прысутнічаць на выступе Аляксандра Лукашэнкі.

«Вялікія дзяржавы, якія павінны быць гарантамі стабільнасці, не могуць прыйсці да адзінага адказу ні па адным пытанні. Турбуе адсутнасць гарантый недапушчэння вялікага ўзброенага канфлікту. Удумайцеся, траціна дзяржаваў уцягнутая сёння ў войны – гэта болей, чым у Другую сусветную вайну. Мы яшчэ не забылі, як па нашай зямлі хадзілі іншаземныя захопнікі», – цытуе кіраўніка Беларусі nn.by.

Лукашэнка адзначыў, што сёння свет нагадвае перыяд перад Першай сусветнай вайной.

24 траўня 2018 г. Выступ Аляксандра Лукашэнкі на канферэнцыі “Менскі дыялог”. Фота -REUTERS/Vasily Fedosenko

Паводле Лукашэнкі ў канфлікт паміж Захадам і Расеяй «хочуць уцягнуць Кітай».

«Беларусь – суверэнная дзяржава і дакладна ўсведамляе сваё становішча на міжнароднай восі каардынат.

Мы не з Расеяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расеі і ўсяго Усходу. Для нас у прынцыпе непрымальнае пытанне, з кім мы. Проста наша становішча дае адказ на гэта пытанне. Мы гэта месца жыхарства беларускага народа не выбіралі – так Бог вызначыў.

Адсюль наша і вонкавая палітыка, і пазіцыя наагул», – прыводзіць цытату Лукашэнкі дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва belta.by.

«Малыя краіны не павінны сядзець і чакаць, пра што дамовяцца вялікія краіны», – адзначыў падчас выступу Аляксандр Лукашэнка.

«Украіна не проста наш сусед, як і расяяне, гэта брацкі наш народ. Мы прынялі больш за 150 тысяч украінскіх бежанцаў. У якім бы фармаце ні праходзілі перамовы па Данбасе, бакі заўжды могуць спадзявацца на дапамогу Беларусі. Мы не рвёмся ў міратворцы [у лютым 2018 г. Лукашэнка быў гатовы адправіць на Данбас 10 000 беларускіх жаўнераў. – Заўв. Belsat.eu], у нас сваіх праблем хапае. Але калі не будзе спакойна ва Украіне, то будзе горача не толькі нам, але і ўсім вам», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сваім выступе Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на інфармацыйную і кібербяспеку, назваўшы інфармацыю «новай зброяй».

Таксама Аляксандр Лукашэнка прапанаваў «рэанімаваць АБСЕ», бо «многія ўжо забыліся, што такое АБСЕ».

Канферэнцыя «Менскі дыялог» ладзіцца ўжо чацверты год запар. Фармальным арганізатарам форуму з’яўляецца недзяржаўная экспертная ініцыятыва, якую ўзначальвае Яўген Прэйгерман.

23 траўня на «Менскім дыялогу» выступіў міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

У форуме (праходзіць з 23 па 25 траўня у Менску) прымаюць удзел 350 экспертаў і афіцыйных асобаў з больш як 40 краін. Сярод спікераў генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, намеснік памочніка генеральнага сакратара NATO у палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі Джэймс Апатурай, экс-генсакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, генеральны дырэктар сакратарыята Савета дзяржаў Балтыйскага мора Майра Мора, экс-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутанен.

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by, belta.by

Стужка навінаў