Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным у Сочы. Што яны будуць абмяркоўваць?


Аляксандр Лукашэнка наведае з працоўным візітам Расейскую Федэрацыю, дзе 14 траўня ў Сочы адбудзецца пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету.

«Чакаецца таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, на якой лідары краінаў абмяркуюць стан і перспектывы двухбаковых адносінаў, наяўныя праблемныя пытанні, падрыхтоўку да маючага адбыцца ў Менску паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету», – паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Гэта будзе першая сустрэча Пуціна і Лукашэнку сёлета і адпаведна першая сустрэча пасля пераабрання Пуціна. 19 сакавіка, віншуючы Пуціна з пераабраннем, Лукашэнка заявіў, што чакае яго з візітам у Беларусь «для правядзення пасяджэння Найвышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы». Аднак пасяджэнне Найвышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы ў Менску пакуль адкладаецца – замест гэтага Лукашэнка сам вымушаны ехаць у Расеі.

Раней Лукашэнка ўжо некалькі разоў казаў, якія пытанні ў беларуска-расейскіх адносінах ён хацеў бы абмеркаваць.

Адну з тэмаў Лукашэнка абазначыў яшчэ ў лютым – гэта пытанне аб расейскай дапамоге ў мадэрнізацыі і пераўзбраенні беларускага войска. Бо, паводле ягоных словаў, Беларусь з’яўляецца «асноўным фарпостам, у тым ліку і Расейскай Федэрацыі, на заходнім напрамку».

«Таму ў гэтым сэнсе нам вельмі сурʼёзна, па меншай меры, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расеі, трэба падумаць і прымаць рашэнне. Нам трэба вельмі сурʼёзна не проста мадэрнізаваць нашы ўзброеныя сілы, а трэба ўдасканальваць і больш актыўна прыстасоўваць да магчымых баявых дзеянняў», – адзначыў тады ён.

Відавочна таксама, што будзе абмяркоўвацца праблема паставак беларускай прадукцыі на расейскі рынак. Напрыканцы сакавіка, у прыватнасці, Лукашэнка досыць жорстка выказаўся на гэты конт падчас візіту ў Дзяржынскі раён:

«Што тычацца экспарту, шукайце іншыя рынкі. Калі Расея нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж, сустрэнемся з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца. Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы. Таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець».

Між тым, падчас візыту ў Грузію Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разлічвае на пазітыўнае развіццё беларуска-расейскіх адносінаў падчас новага прэзідэнцкага тэрміну Уладзіміра Пуціна.

«Калі пытанні ўзнікалі і дзесьці назапашваліся, не было таго выпадку, каб мы не разрулілі сітуацыю. На жаль, назапашваюць пытанні і міністры, і ўрада з двух бакоў. Тады нам даводзіцца падлучацца. На жаль. Гэтага быць не павінна. І мы часта пра гэта гаворым на нашых сумесных беларуска-расейскіх мерапрыемствах, што міністры і ўрады павінны ўсё ж такі вырашаць пытанні і не выштурхоўваць іх на верхні ўзровень. Але гэта жыццё, нікуды ад гэтага не дзенешся», – заявіў ён.

Ён дадаў, што пытанні ў беларуска-расейскіх адносінах узнікаюць, і звязаныя яны з канкурэнцыяй, развіццём рынкавай эканомікі. Але ў сферы палітыкі падобных праблемаў паміж бакамі няма.

Па завяршэнні мерапрыемстваў у Сочы Аляксандр Лукашэнка накіруецца з афіцыйным візітам у Таджыкістан. Візіт будзе доўжыцца да 16 траўня.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў