Лукашэнка сустракаецца з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэлем

Лукашэнка прымае кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакею ў Палацы Незалежнасці. Рэнэ Фазэль прыляцеў у Менск абмеркаваць сітуацыю, якая адбываецца ў Беларусі, і магчымасці правядзення чэмпіянату свету.

Лукашэнка сустракаецца з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэлем. Фота: тэлеграм-канал @pul_1

На здымку, які апублікаваў «Пул первого», бачна, што на сустрэчы прысутнічае таксама сын Лукашэнкі Віктар. На сустрэчы таксама прысутнічаюць генеральны сакратар арганізацыі Хорст Ліхтнер і кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў.

Раней Фазэль заяўляў, што рашэнне па правядзенню ЧС-2021 у Менску будзе прынята ў канцы студзеня на пасяджэнні савету федэрацыі. IIHF непакояць бяспека ўдзельнікаў і заўзятараў ЧС і сітуацыя з каронавірусам.

Сам Рэнэ Фазель у канцы снежня заявіў, што будуць прыкладзеныя ўсе намаганні, каб чэмпіянат свету адбыўся ў Менску.

«Мы асабліва не парымся. Пройдзе – пройдзе, не пройдзе – не пройдзе. Але падстаў, каб ён не прайшоў, на міліметр няма. Гэта будзе ганьба поўная. Мы гатовыя хоць заўтра Чэмпіянат свету праводзіць», – выказаўся Лукашэнка пра магчымую адмену ЧС у эфіры праграмы «Дзейныя асобы з Наілей Аскер-задэ».

Раней швейцарскае выданне Watson паведамляла, што Чэмпіянат свету па хакеі – 2021 дакладна пройдзе не ў Беларусі, але іншае месца правядзення пакуль не вызначанае. Найбольш імавернымі варыянтамі з’яўляюцца Прага і Браціслава. Турнір мусіў прайсці з 21 траўня па 6 чэрвеня ў Рызе і Менску. Пры гэтым Латвія адмаўляецца прымаць спаборніцтва разам з Беларуссю. Супраць гэтага таксама выступае віцэ-прэзідэнт IIHF Калерва Кумала.

ДР belsat.eu

 

Hавiны