Кіраўнік даў вялікае інтэрв’ю намесніку кіраўніка тэлеканалу «Россия 1» Сяргею Брылёву. Урывак размовы ўжо публікавалі, цяпер з’явілася поўная версія.
Брылёў запытаў Лукашэнку, якія памылкі Еўразвязу нельга паўтараць ЕАЭС: стварэнне непрадуманай агульнай валюты, занадта вялікую цэнтралізацыю нацыянальных органаў ці нешта яшчэ.
«Гэтае пытанне сур’ёзнае і цяжкае, я не вельмі паглыбляўся… я больш рэагаваў на прычыны і наступствы разбурэння ЕЗ… У тым, што яны рабілі, няма нічога дрэннага. Трэба набрацца цярпення і пераадольваць памылкі. Там жа вялікая дэмакратыя, ідзе барацьба розных палітычных сілаў.
Дадаліся праблемы з уцекачамі. Дадаліся праблемы з уварваннем NATO ў пэўныя дзяржавы. Нарабілі шмат памылак, зʼявілася глеба для нацыяналізму… Нацыяналізм пачаў дамінаваць у некаторых краінах. Яны нібыта ўзялі курс на нейкую незалежнасць, разбурэнне Еўразвязу…»
Брылёў адрэагаваў на гэтыя словы смехам: «Цудоўна, мы сядзім з Лукашэнкам у Менску, якога калісьці запісвалі ў дыктатары, і размаўляем пра ўздым хвалі нацыяналізму ў Еўропе».
«Малойца, што гэта заўважыў. Калі я на Мюнхенскай канферэнцыі сказаў, што я катэгарычна супраць распаду ЕЗ, некаторыя нават падскочылі. Як жа так, яны ж санкцыі ўвялі супраць Беларусі і Лукашэнкі. Апошні дыктатар Еўропы і пра гэта кажа. Тут няма ніякай супярэчнасці.
Я заўсёды быў за шматпалярны свет і за гэта заўсёды плаціў. Мяне дзяўблі амерыканцы за гэта, бо шматпалярнасць нікому не патрэбная…
І вось у гэтым шматпалярным свеце ЗША, ЕЗ, Кітай, часткова Індыя, Расея – гэта апірышча і нашыя саюзы. ЕАЭС яшчэ можа стаць моцным апірышчам. І калі мы выцягнем адно з іх, захістаецца ўся планета… Таму з гэтага пункту гледжання я супраць разбурэння ЕЗ, які б ён ні быў…
Можа, калі разваліцца ЕЗ, Расеі будзе прасцей размаўляць з некаторымі дзяржавамі… Праводзіць нейкую энергетычную палітыку. Расеі гэта выгодна, што тут хлусіць. Але будуць і пабочныя эфекты распаду. Можа рухнуць эканоміка, а гэта не патрэбна ані Расеі, ані ЗША…
Скажу без прапаганды і палітыкі, кшталту, Лукашэнка павярнуўся назад, памятайце, што я абсалютна разумею, што Беларусь з Лукашэнкам на Захадзе абсалютна не патрэбная. Тут павінна быць іншая ўлада, каб мяне з абдымкамі сустракалі на Захадзе. Але мы хочам з імі супрацоўнічаць».
Паседжанне кіраўнікоў краінаў ЕЭАС пройдзе 6 снежня ў Санкт-Пецярбурзе.
ДР belsat.eu