Лукашэнка супраць Пуціна. Саюзная вайсковая дактрына ў маразільніку


Новая версія супольнай ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ўжо некалькі месяцаў чакае прыняцця. І хаця 2 красавіка ў Маскве і Менску адзначылі Дзень яднання, паміж абедзвюма сталіцамі ўсё больш таго, што раздзяляе, а не аб’ядноўвае. Дый Саюзная дзяржава ўсё больш нагадвае тэатр, дзе рэй спрабуе весці Масква. Чаму працэс падпісання зацягваецца, высвятляла Вольга Жарнасек.

13 лістапада 2018 года. Урад Беларусі ўхваляе новую версію ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы. Роўна праз месяц, 13 снежня, у Берасці адбываецца паседжанне саюзнага Савету міністраў. Вядзецца між іншага і пра ваенную дактрыну. Але берасцейскае спатканне запомніцца не гэтым.

Дзмітрый Мядзведзеў, прэм’ер-міністр Расеі:

«Калі казаць пра нашыя інтэграцыйныя праекты, то тут ёсць два сцэнары…»

Словы, якія ў медыях атрымалі назву «ўльтыматум Мядзведзева». Масква ў рэзкай форме настойвае на інтэграцыі. Расейска-беларускія дачыненні істотна пагаршаюцца. Праз шэсць дзён пасля гэтай заявы ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы ўхваляе Уладзімір Пуцін. Вядуцца размовы, што дакумент канчаткова маюць зацвердзіць ужо ў студзені. На календары – красавік.

Аляксандр Гольц, вайсковы аглядальнік, шэф-рэдактар парталу «Ежедневный журнал», Расея:

«Падазраю, што гэтая дактрына не будзе прынятая так хутка, як гэта хацелася б Маскве. Досвед падпісання папярэдніх дакументаў ваенна-палітычнай скіраванасці, у прыватнасці пра адзіную сістэму аб супрацьпаветранай абароне, паказвае, што апошнімі гадамі Менск усяляк спрабуе адцягнуць падпісанне гэткіх дакументаў».

Дзейную ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы прынялі ажно 18 гадоў таму. З таго часу адбылося багата падзеяў: вайна ў Грузіі, анексія Крыму Расеяй і канфлікт на ўсходзе Украіны, які цягнецца дагэтуль. На гэтым фоне Расея і Захад увайшлі ў фазу вострага супрацьстаяння.

«Захад, NATO разгарнула ў краінах Балтыі ды Польшчы чатыры тактычныя батальённыя групы. А ў нас – 126. Яны стаяць гатовыя. Не тое, што супраць Украіны. Праводзяцца манеўры, каб хутка іх сабраць і перакінуць у адную ці іншую частку краіны на той ці іншы фронт. То бок ідзе наўпроставае рыхтаванне да вялікай рэгіянальнай вайны», – упэўнены Павел Фельгенгаўэр, вайсковы аглядальнік «Новой газеты», Расея.

Hавiны
Павел Фельгенгаўэр: Расея і Кітай не хаўруснікі, але…
2019.02.07 12:06

Якую ролю Масква прызначыла Беларусі ў гэтай вайне, застаецца толькі здагадвацца. Але на абноўленай ваеннай дактрыне Саюзнай дзяржавы настойвае менавіта Расея. Лукашэнка не ўхваліў дакументу асабіста і ніяк не каментуе паўстання новай рэдакцыі. Зрэшты, і яе тэкст пакуль застаецца вялікаю таямніцаю.

Каментуе Леанід Спаткай, былы вайсковы пілот, палкоўнік запасу:

«Паводле некаторых ускосных звестак бачна, што Расея імкнецца, як ёсць такая расейская прымаўка, «не мытьем, так катаньем», але ўсталяваць свае вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі».

З 2015 года Масква бесперастанна ўздымае пытанні інтэграцыі Беларусі і Расеі ў вайсковай сферы. Гаворка не толькі пра жаданне размясціць вайсковыя базы, але і пра змену структуры ваенна-палітычнага альянсу на карысць Масквы.

«Напрыклад, камандуючы войскамі Заходняй ваеннай акругі Сідараў у 2015 годзе прапанаваў перапарадкаваць гэтак званую рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі пад камандаванне камандуючага Заходняю ваеннай акругаю», – распавядае Арсен Сівіцкі, кіраўнік Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

Дэ-факта гэта азначала б падпарадкаванне яму кіраўніка Беларусі, які ёсць галоўнакамандуючым краіны. Аляксандру Лукашэнку гэта, натуральна, не магло спадабацца. Больш за тое, адразу пасля анексіі Крыму ён ініцыяваў новую рэдакцыю ваеннай дактрыны Беларусі. У ёй, між іншага, NATO перастала быць ворагам нумар адзін і з’явілася паняцце «гібрыдная вайна». А гібрыдная агрэсія ў Еўропе ідзе толькі з усходу. Дый рыторыка самога Лукашэнкі істотна змянілася.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Трэба наладжваць узаемапаважлівыя дачыненні з NATO, якія ў выніку ўмацоўвалі б бяспеку нашай краіны. Мы з імі мусім размаўляць. Мы не мусім на іх глядзець, як на ворагаў».

ВІДЭА
Расея паводзіць сябе з Беларуссю як з ворагам
2019.02.10 11:05

Рыторыка, якая не ўпісваецца ў палітыку Масквы. Ваенная дактрына Расеі, абноўленая пяць гадоў таму, на год раней, чымся беларуская, называе NATO галоўнаю пагрозай. Амаль нейтральная пазіцыя Менску апошнім часам выклікае ў Крамля вялікае раздражненне.

Арсен Сівіцкі, кіраўнік Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў, каментуе:

«Расея будзе спрабаваць ціснуць, але гэта будзе прыводзіць да большай напружанасці ў дачыненнях. Відавочна, што галоўны прыярытэт для Аляксандра Лукашэнкі звязаны з тым, каб захаваць манаполію ўнутры краіны на сілу і запэўніванне бяспекі».

Гэтую манаполію з пэўнасцю парушылі б расейскія вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі. Пасля працяглага ціску з боку Масквы размовы пра іх размяшчэнне спыніліся, але не спыніліся спробы.

«Цяпер чарговая спроба, на мой погляд, усталявання своеасаблівай расейскай базы – гэта прадаць Беларусі самалёты Су-30, якія Беларусі ніякім чынам не патрэбныя. Гэта цяжкія самалёты, дадатковыя выдаткі на іх трэба і гэта далей. Але, магчыма, яны Беларусі будуць перададзеныя задарма, і, магчыма, Расея будзе выдаткоўваць грошы на іх утрыманне», – дзеліцца Леанід Спаткай, былы вайсковы пілот, палкоўнік запасу.

На меркаванне палкоўніка запасу і былога пілота, у любы час беларускіх вайскоўцаў могуць замяніць расейскія:

«Як кажуць, траянскі конь. Маўляў, мы вам перадаём гэтую тэхніку, але яе абслугоўваць, выдаткоўваць грошы будзем мы».

«Траянскі конь» – гэта дэ-факта гібрыдная пагроза, пра якую вядзецца ў ваеннай дактрыне Беларусі. Ці не таму гэтак зацягваецца падпісанне супольнай дактрыны з Расеяй у межах Саюзнай дзяржавы? Відавочна, што на сёння разуменне галоўных пагрозаў у Маскве і Менску істотна адрозніваецца.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» с Алінаю Коўшык 06.04.2019.

Таксама ў праграме:

Hавiны
Прэзідэнцтва – справа жаночая
2019.04.08 12:12

Фота: REUTERS/Vasily Fedosenko

 

Стужка навінаў