Лукашэнка супраць Пашыньяна ў АДКБ. Саступка Ерэвану або нулявы варыянт?


І ўсё ж такі беларус. Стала вядома амаль афіцыйна: пасаду генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы зойме Станіслаў Зась. Гадавая спрэчка паміж Ерэванам і Менскам за пасаду генеральнага сакратара стварыла ў нуднай АДКБ першую і, здаецца, апошнюю інтрыгу за доўгія гады. Пра тое, чым усё скончылася – рэпартаж Дзяніса Дзюбы.

Hавiны
У наступным годзе пост генсека АДКБ зойме беларускі вайсковец
2019.05.16 16:42

Здавалася, гэта быў паядынак новага са старым, дэмакратыі і тыраніі, Пашыньяна з Лукашэнкам. У кожнага з іх – свае прычыны біцца за генеральнага сакратара. Маладому прэм’еру – каб даказаць сваю сілу ўнутры краіны. Не такому маладому Лукашэнку – мець рычажок звонку: усё ж такі АДКБ – месца, куды сцякаецца велізарная колькасць інфармацыі.

Сітуацыю каментуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog»:

«Для Менску вельмі важна было заняць гэтую пасаду, каб мець магчымасць маніторыць настроі ў Маскве. Таму што пасля 2014-га года відавочна, што афіцыйны Менск згубіў усе лабісцкія магчымасці ў Маскве і мае вельмі цьмяныя ўяўленні аб планах расейскага кіраўніцтва адносна постсавецкай прасторы ў цэлым і Беларусі ў асаблівасці».

Спрачацца пра пасаду генсека Пашыняну дапамагала і Расея – тым, што не ўмешвалася. Арменія нават унесла прапанову змяніць статут арганізацыі, каб пазбегнуць у будучыні падобных спрэчак. І перад сесіяй міністраў замежных спраў АДКБ на наступным тыдні было даволі цікава: прымуць – не прымуць? Ерэван ці Менск? Пашынян ці Лукашэнка? Пакуль выконваючы абавязкі АДКБ у кулуарах ваеннай выставы ў Менску не прагаварыўся, што наступны генеральны сакратар – прадстаўнік Беларусі. Але толькі з 1 студзеня.

«Гэтая дамоўленасць – нулявы варыянт: ні вам, ні нам», – лічыць палітолаг з Ерэвану Рубэн Мэграб’ян.

У Арменіі, дзе за спрэчкай асабліва не сачылі ні медыі, ні грамадскасць, да праблемы, здаецца, страцілі цікавасць нават палітыкі. На думку экспертаў, для Ерэвану нават пытанне змены статута перастала быць цікавым.

«Мы бачым, што гэтая арганізацыя ў глыбокім экзістэнцыяльным крызісе. Незразумела наагул, навошта яна існуе», – кажа Мэграб’ян.

Так думаць Ерэван прымушае продаж Менскам суперніку Арменіі – Азербайджану – наступальнай зброі. Змяніць гэтую сітуацыю бліжэйшым часам Арменія не зможа: грошы з Баку для Менску і Масквы нашмат больш істотныя за фармальныя абавязкі перад Ерэванам у межах АДКБ.

Аб’ектыў
Беларусь парушае Статут АДКБ, прадаючы ўзбраенні Азербайджану
2018.11.20 21:10

Уладзімір Жарыхін, Інстытут краін СНД:

«Пастаўкі зброі ў Азербайджан і з боку Расеі, і з боку Беларусі ішлі, ідуць і будуць ісці. Арменія з гэтай нагоды незадаволенасць выказвала, выказвае і будзе выказваць».

Паўплываць на сітуацыю Ерэван мог бы прапановай перагледзець статут АДКБ – але дакладна не ў пункце аб генеральным сакратары.

На думку ерэванскага палітолага Эдгара Варданьяна, трэба ўнесці пэўныя карэктаванні і змены ў статут, і ўжо на гэтай падставе Арменія можа запатрабаваць ад Беларусі спыніць продаж зброі.

А чаму толькі ад Беларусі? Зброю Азербайджану прадае і Расея. Але цяжка сабе ўявіць, як у Ерэване нешта забараняюць Маскве.

Зограб Мнацаканьян, міністр замежных справаў Арменіі:

«Што датычыць беларускай зброі ў Азербайджане, прашу ўлічыць, што ад гэтай зброі гінуць і будуць гінуць нашы суайчыннікі. Для вас гэта бізнес, для нас гэта зброя, якая забівае нашых людзей».

Пакуль саюзнікі па АДКБ і іх абавязкі застаюцца папяровымі, такімі ж папяровымі застануцца і генсекі.

Рэпартаж паказалі ў праграме «Прасвет» 2019/05/17

MB

Стужка навінаў