Лукашэнка старшыні Вярхоўнага суду – падключыцеся да змены канстытуцыі


Вярхоўны суд. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Кіраўнік Беларусі сёння правёў працоўную сустрэчу са старшынём Вярхоўнага суду Валянцінам Сукала, падае БелТА. Падчас сустрэчы, сярод іншага, абмеркавалі пытанне змены канстытуцыі Беларусі.

«Я лічу, што, нягледзячы на некалькі аўтарытарную сістэму ўладкавання грамадскага жыцця, тым не менш, прэзідэнт ахоўвае суды. Але гэта асобасны момант, а трэба зрабіць так, каб працавала сістэма, не была завязаная на асобу, у тым ліку Лукашэнку«, – заявіў кіраўнік краіны.

Лукашэнка заклікаў Сукалу ўносіць прапановы і далучацца да працы па змене канстытуцыі. У Беларусі асноўны закон мянялі ў 1996-м і 2004-м гг.

Таксама пытанне зменаў беларускай канстытуцыі пракаментавалі сёння ў Маскве.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў не выключыў магчымасці таго, што Расея падзеліцца з Беларуссю вопытам па ўнясенні паправак у Канстытуцыю, калі Менск пра гэта папросіць Маскву, падае «Інтэрфакс».

Змены ў канстытуцыю Беларусі Лукашэнка анансаваў яшчэ на пачатку 2019 года. Патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта Віктар Бабарыка яшчэ летам заклікаў правесці рэферэндум па вяртанні канстытуцыі 1994 года.

belsat.eu

Стужка навінаў