Лукашэнка сказаў кіраўніку Малдовы, што «мы маем больш-менш нармальную абстаноўку» з каронавірусам


Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з прэзідэнтам Малдовы даў ацэнку сітуацыі з каронавірусам у Беларусі, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.

4 траўня Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам у відэарэжыме. Лукашэнка адзначыў, што пасля распаду СССР у Беларусі не закрылі ніводнай інфекцыйнай больніцы.

«Мы ж прайшлі і птушыны, і свіны грып, і атыповую пнеўманію. Мы вучым у ВНУ і рыхтуем адмыслоўцаў па гэтых напрамках, гэта пакуль дало нам магчымасць пазбегнуць дрэннага сцэнара. Не найгоршага, а дрэннага», – сказаў Лукашэнка.

«З нашай адкрытасцю, пры тым, што мы ніводнага прадпрыемства, ніводнай крамы, рэстарану не закрылі, ніводзін кінатэатр [гэта няпраўда – заўв. Belsat.eu], мы ўсё-ткі маем больш-менш нармальную абстаноўку», – мяркуе кіраўнік Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што «трэба аддаць належнае» лекарам.

Hавiны
«Сітуацыя не такая, як у тэлевізары кажуць». Фельчарка з Вушачаў распавяла, як жыве раён у часе эпідэміі
2020.05.04 15:25

Па стане на 4 траўня ў Беларусі зарэгістравалі 17 489 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. Цягам апошніх содняў інфікаваных стала больш на 784 чалавекі. З 27 красавіка колькасць хворых на каронавірус у Беларусі вырасла на 6200 чалавек.

У Малдове цяпер 4,1 тыс. выпадкаў інфікавання пры 3,5 млн. насельніцтва.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў