Лукашэнка – сілавікам: «Можа, у нас хутка ўвогуле злачыннасці не будзе?»


Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўных органаў «не захапляцца ведамаснай статыстыкай». Пра гэта ён заявіў сёння на паседжанні Савета Бяспекі Беларусі, перадае БелТА.

Ён падкрэсліў, што выкарыстоўваць гэтую статыстыку трэба «для аналізу, але не для самазаспакаення».

«Неабходна бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі», – сказаў Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, дэкларуемае зніжэнне крымінальных праяў на 7% у год таксама насцярожвае:

«Можа быць, у нас хутка наагул злачыннасці не будзе? Узнікаюць сумневы ў аб’ектыўнасці гэтай вясёлкавай карціны, хоць міністр мне ўвесь час гаворыць, што яго мэта – выключыць гэтую «палкавую» статыстыку. Так павінна і быць. Патрэбен вынік».

Аляксандр Лукашэнка зноў адзначыў хібы ў барацьбе з карупцыяй.

«На жаль, ня ўсе праваахоўныя органы працуюць эфектыўна. Паборы, адкаты, паднашэнні, махінацыі з бюджэтнымі сродкамі да гэтага часу не выкараненыя ў Беларусі».

Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што важную задачу па абароне грамадзян вырашаюць органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. Іх дзейнасць павінна развівацца і ўдасканальвацца, перакананы ён.

«Дзяржава накіроўвае значныя сродкі на падрыхтоўку прафесійных кадраў і матэрыяльнае забеспячэнне ведамства, – працягнуў Аляксандр Лукашэнка. – Неабходна адпаведная аддача, рацыянальнае і мэтанакіраванае выкарыстанне фінансавых сродкаў. Вы кожны дзень знаходзіцеся на пярэднім краі барацьбы за бяспеку людзей. Міністра Уладзіміра Вашчанку прашу абʼектыўна дакласці, якія меры прымаюцца для паляпшэння якасці працы органаў па надзвычайных сітуацыях».

Амаль траціна забойстваў – на побытавай глебе

Лукашэнка таксама заявіў, што меры, якія прымаюцца праваахоўнымі органамі па папярэджанні і спыненні гвалту ў сямʼі, недастатковыя.

«Мною неаднаразова акцэнтавалася ўвага на відавочна недастатковых мерах па папярэджанні і спыненні побытавай злачыннасці, асабліва гвалту ў сямʼі. Удумайцеся, амаль траціна забойстваў здзяйсняецца на побытавай глебе», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго словаў, гэта адзін з галоўных паказчыкаў працы міліцыі.

«Калі мы не можам у побыце да парадку заклікаць дэбашыраў і забойцаў, пра якую міліцыі наагул можна тады весці гаворку? Ды і аб пракуратуры ў тым ліку », – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Мінулае пасяджэнне прэзідэнта з Саветам Бяспекі адбылося 13 лютага. На ім абмяркоўваліся пытанні забеспячэння правапарадку і абароны грамадзян, побытавай злачыннасці і наркаманіі, аўтарытэту міліцыі.

У пачатку лютага 2018 году склад Савета Бяспекі быў абноўлены: у яго ўвайшлі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Алег Двігалёў і старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў