Лукашэнка шукае новага спонсара. Ці паверыць яму Захад?

Дыверсіфікацыя паставак энерганосьбітаў! Не – залежнасці ад аднаго рынку нафты. ЗША і ледзь не ўсе суседзі – практычна пашыхтаваліся ў чаргу, каб вызваліць Беларусь з энергетычнай залежнасці ад Расеі. Такое ўражанне магло стварыцца ў слухачоў нарады Аляксандра Лукашэнкі. Якія ж планы адносна нафтавай незалежнасці ў нашай краіны?

«Асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентыля на нафтавай трубе, выгадныя для іх пытанні вырашаюцца значна прасцей», – заявіў Лукашэнка.

Сцвердзіўшы відавочнае, афіцыйны лідар загадаў вызваліцца ад расейскай энергетычнай залежнасці. Маўляў, нават на бліжэйшых хаўруснікаў нельга разлічваць, калі заходзіць гаворка пра чорнае золата. Адмыслоўцы раяць не наракаць на адну толькі Маскву.

Вольга Харламава, палітолаг:

«Былі пэўныя складанасці і ў 2007–2008, 2011–2012 гадах. Калі б у той час у той сітуацыі было прынятае адпаведнае палітычнае эфектыўнае рашэнне, мы б ужо мелі дыверсіфікаваныя пастаўкі ў Рэспубліку Беларусь».

Перамогі ды паразы дыпламатаў Лукашэнкі

І гэта той рэдкі выпадак, калі Лукашэнка згодны з адмыслоўцамі адносна таго, хто ў гэтым вінаваты:

«Мы самі вінаватыя ў тым, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты. Манапалізм заўсёды прыводзіць да такіх вынікаў».

Падаецца ўжо, маем процьму альтэрнатываў. Гэта два танкеры з Азербайджану, пастаўкі кампаніяў расейскага алігарха Міхаіла Гуцырыева і партыя ад меншых расейскіх кампаніяў, што прыйдзе чыгункаю з клайпедскага порту. Уражвае? Не, бо ўсяго маем мільён тонаў нафты на ўвесь сакавік. Паколькі беларускія НПЗ могуць перарабляць ажно чатыры мільёны тонаў за месяц, на экспарт амаль нічога не застаецца.

Валерыя Касцюгова, палітолаг, экспертная супольнасць «Наше мнение»:

«Мы працуем перадусім на ўнутраны рынак з вельмі невялікімі невядома наколькі выгаднымі продажамі навонкі. Хутчэй за ўсё памеры экспарту нафтапрадуктаў скароцяцца. Разам з тым, як будзе даражэць расейская нафта, і будзе расці гэтая альтэрнатыва, адсоткаў да дзесяці… ну, можа, сямі».

Але афіцыйна плануецца нарасціць альтэрнатыву нават да 60 %. Рэшту ўсё ж спадзяюцца надалей набываць у Расеі. Экспарт нафтапрадуктаў у розныя гады складаў ад 6 % да ледзь не 10 % беларускага ВУП. Выглядае на тое, што гэтыя часы мінулі.

Як БелАЭС пасварыла Менск і Маскву

Аляксандр Лукашэнка:

«Я разлічваю, што ў праграме на наступную пяцігодку будзе створаны план, як знізіць значэнне ўмоваў паставак нафты для фармавання ВУП».

Першы сур’ёзны сігнал пра магчымасць такой альтэрнатывы – заява польскага аператара трубаправоду «Дружба». Кампанія прыняла рашэнне падрыхтаваць мясцовы кавалак трубаправоду, каб магчы пастаўляць нафту ў нашую краіну. На пачатку года, калі Менск у роспачы шукаў нафту, цытуючы нашага віцэ-прэм’ера, «ува ўсіх краінах свету», Варшава коратка адмовіла: няма тэхнічнай магчымасці паставак. Што змянілася?

Мар’юш Маршалкоўскі, рэдактар «Biznes Alert», Варшава:

«За дзень да рашэння аб пачатку тэхнічных працаў на трубаправодзе адбылася сустрэча сакратара энергетычнага дэпартаменту ЗША з Пятром Наімскім, які адказвае за стратэгічную энергетычную інфраструктуру ў Польшчы. Польскі бок пацвердзіў гатовасць дапамагчы Беларусі ў дыверсіфікацыі паставак нафты. Тут мы кажам перадусім пра амерыканскую нафту».

То бок да закліку Менску суседзі паставіліся ўсур’ёз, толькі калі Лукашэнка сустрэўся з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэа. Пасля гэтага, ужо ў Мюнхене, той падкрэсліў значэнне нашага рэгіёну для ЗША.

Майк Пампэа, дзяржсакратар ЗША:

«Я хачу абвесціць, што ў межах міжнароднае супрацы і пры падтрыманні Кангрэсу ЗША мы гатовыя выдзеліць да мільярда долараў цэнтральна- і ўсходнееўрапейскім краінам «Ініцыятывы трох мораў». Нашая мэта даволі простая: рабіць інвестыцыі ў энергетычны сектар і абараняць свабоду і дэмакратыю ў свеце», – цытуе Пампэа Reuters.

Мэсідж Трампа для Лукашэнкі

Праблема ў тым, што Беларусь у гэтую ініцыятыву трохмор’я не ўваходзіць. Затое да гэтага аб’яднання далучыліся нашыя паўночныя суседзі. І тут для нас найцікавейшая – Рыга, якая мае пэўны доўг перад Менскам.

«Кампанія прайграла Беларусі суд, яна вінная Беларусі за злітую нафту вельмі прыстойныя грошы з улікам пені і штрафных санкцыяў», – мяркуе Вольга Харламава.

Менск спадзяецца і атрымаць кампенсацыю за фактычна скрадзеныя 400 тысячаў тонаў тэхнічнае нафты і выкарыстоўваць трубаправод для імпарту з порту ў Вэнстпілсе куды танней, чымся чыгуначныя пастаўкі, якія маем цяпер. Згадваўся і паўднёвы шлях – трубаправод Адэса – Броды, што ідзе акурат да Мазырскага НПЗ. Ён амаль гатовы, толькі інфраструктуру дабудаваць, як і з польскага боку, гэтак і з латвійскага – паўсюль патрэбныя грунтоўныя працы.

Сяргей Жбанаў, эканаміст:

«Таму невыпадкова напрыканцы гэтай нарады паўстала рытарычнае пытанне: а давайце цяпер знойдзем спонсара праектаў. Выдатна! У нас, як заўсёды, планаў процьма, засталося толькі спонсара знайсці. Дзесьці на мільярд, калі падлічыць усе гэтыя тэхнічныя моманты. А гэта прыкладна, нагадаю, каб нашым гледачам было больш зразумела, столькі каштавала мадэрнізацыя ўсіх нашых НПЗ – той самы мільярд долараў!»

Вядома, такую суму дзеля дыверсіфікацыі нашае эканомікі ніхто гэтак проста не дасць. Менск можа на штосьці разлічваць толькі пры пэўных умовах.

Валерыя Касцюгова:

«Калі еўрапейскія краіны ці нейкія іншыя фінансавыя інстытуты будуць перакананыя палітычным кіраўніцтвам цэнтральнаеўрапейскіх краінаў у тым, што гэты інфраструктурны праект насамрэч патрэбны».

Нафтавая вайна Лукашэнкі з Пуціным канчаецца

У чым пытанне ? Вось жа кажа кіраўнік краіны: хочам будаваць цэлую інфраструктурную сетку і хочам унезалежніцца ад Расеі. Дык у тым, што еўрапейцы чуюць такое не першы раз.

Мар’юш Маршалкоўскі:

«Справа ў тым, што існуе вельмі малы давер да Беларусі як да партнёра. Лукашэнка не аднойчы – я згадваю хіба лік 18 заяваў з 2001 года – 18 разоў Лукашэнка казаў пра ахвоту дыверсіфікаваць пастаўкі нафты. І яны ніколі не былі рэальнымі».

Бо заўсёды ўдавалася дамовіцца з Масквой. Крэмль нібыта саступаў Менску, даваў танныя энерганосьбіты і яшчэ мацней прывязваў Беларусь да Расеі. Ці паверыць Захад Лукашэнку? Залежыць толькі ад яго. Зрабіць першы крок – купіць пробную партыю амерыканскай нафты. Насамрэч паразмаўляць з балтыйскімі краінамі. Бо нягледзячы на гучныя заявы, у літоўскім Міністэрстве энергетыкі нам заявілі, што да іх з Беларусі ў справе аднаўлення працы трубаправоду ніхто не звяртаўся.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Фота на прэв’ю: Nikolai Petrov / TASS / Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 06.03.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны