Лукашэнка сабраў тэрміновую нараду з чальцамі Савету бяспекі


Прычына – сённяшняе затрыманне 33 баевікоў прыватнай ваеннай кампаніі, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка 29 ліпеня сабраў тэрміновую нараду з чальцамі Савету бяспекі. Кіраўніку краіны даклалі аб сітуацыі ў сувязі з затрыманнем у Беларусі больш як трох дзясяткаў прадстаўнікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

«Я запрасіў вас для таго, каб разабрацца з гэтым, можна сказаць, надзвычайным здарэннем, якое адбылося сёння ноччу. Інакш яго не назавеш», – зазначыў Лукашэнка.

Ён папрасіў старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка больш дэталёва далажыць аб сітуацыі.

«Я гляджу на рэакцыю расейцаў. Яны ўжо, апраўдваючыся, гавораць, што амаль не мы іх самі сюды завезлі. Зразумела, трэба ж неяк апраўдаць свае брудныя намеры. Таму вельмі прасіў бы, каб у гэтай сітуацыі і з гэтым фактам было ўсё вельмі адкрыта і сумленна. Калі гэта расейскія грамадзяне (а я так разумею, іх дапыталі), значыць, трэба звярнуцца неадкладна ў адпаведныя структуры Расейскай Федэрацыі, каб яны растлумачылі, што адбываецца», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Даручэнне было і да прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант. Яна мусіць пільнаваць расейскую інфармацыйную прастору.

«Нам трэба звярнуцца да расейскіх сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку Telegram-каналаў, каб яны, як Пуцін гаворыць, пургу не гналі».

Нагадаем, што сёння зранку стала вядома аб затрыманні 33 баевікоў прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер», якія мелі расейскае грамадзянства.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў