Лукашэнка распавёў, як садзіць і прадаваць бульбу ды што рабіць з мясам і малаком


Кіраўнік краіны наведаў Віцебскі раён і паразмаўляў з аграрыямі.

15 траўня Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём інтэграцыйных структур у АПК Віцебскага раёну. У прыватнасці, ён наведаў сельгасарганізацыі, якія ўваходзяць у структуру ААТ «Малако». Яму далажылі аб іх працы, падрыхтоўцы кадраў для аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці. Размова таксама ішла аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёну, аб ходзе вясновых палявых работ. Пра гэта паведамляе прэсавая служба кіраўніка краіны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пасевы бульбы. Ён упэўнены, што бульба будзе асабліва запатрабаваная на рынках суседніх краінаў, у першую чаргу ў Расеі і Украіне.

«Я хачу падкрэсліць. Гэта было даручэнне міністру. У гэтым годзе, мне здаецца, бульба будзе ў цане. Таму я папрасіў, каб сабралі ўсё, што ў нас засталося, і пасеялі бульбу. Трэба пасеяць пабольш. Гэта будзе выратаванне. Паглядзіце, калі ў гаспадарках ёсць насенне, няхай 50-70 га, можа нават 20 га. Калі па тэхналогіі будзеце гэта абслугоўваць, атрымаеце хоць невялікую, але жывую капейку. Да вас прыедуць на поле і забяруць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Фота: president.gov.by

Зіма была нармальная, пасевы добрыя

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падкрэсліў важнасць сельскагаспадарчай галіны ў цяперашніх умовах.

«Калі ў нас будзе што прадаць, мы заўсёды прададзім, і па добрай цане. Нашы сяляне гэта заслужылі. Усё ж такі мы нямала ўкладвалі працы і грошай у сельскую гаспадарку. А цяпер з рукамі, нагамі ў нас яго [харчаванне. – Belsat.eu] забяруць. Таму добра, што мы своечасова пасеялі. І зіма была нармальная, і пасевы добрыя. Трэба проста не прамаргаць, трэба на гэтым у гэты год зарабіць грошы », – сказаў Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу, паводле яго, варта надаць узроўню аснашчанасці прадпрыемстваў і высокай якасці прадукцыі. Маўляў, толькі тады беларускія прадукты будуць мець попыт на рынках – унутраным і знешнім.

«Мы заўсёды ў свеце знойдзем, куды прадаць прадукты харчавання. Таму аб’ёмы малака і мяса можна нарошчваць. Але з малака і мяса трэба рабіць, па-народнаму кажучы, такую «цукерку», якую ў вас будуць ірваць з рукамі і нагамі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

СК, ВЯ Belsat.eu

Стужка навінаў