Лукашэнка распавёў, што займаўся цяжкай атлетыкаю, але пазней кінуў гэты спорт


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды спартоўцам і трэнерам па цяжкай атлетыцы. Урачыстая цырымонія адбылася 23 красавіка ў Палацы Незалежнасці, паведамляе прэсавая служба кіраўніка краіны.

Лукашэнка распавёў спартоўцам, што праз недахопу часу рэдка сочыць за спаборніцтвамі па цяжкай атлетыцы. Але падкрэсліў асаблівую каштоўнасць паспяховага выступлення цяжкаатлетаў на фоне няўдач спартоўцаў у іншых відах спорту.

«Шчыра кажучы, занадта мала радасці прыносіць у апошні час спорт беларусам. Але цяжкая атлетыка ўваходзіць у каралі тых відаў спорту, якія прыносяць славу. Гэта вялікі від спорту», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў цяжкай атлетыцы поспех дасягаецца толькі коштам велізарных высілкаў.

«Ваш від спорту – гэта страшна цяжкі спорт, самы цяжкі, такі нудны, дзе трэба пастаянна змагацца. Добра змагацца ў гульнявых відах спорту, гэта цікава, дынамічна. Але калі ты пастаянна змагаешся з сабой і штангай… І так кожны дзень. Гэта вельмі цяжкі від спорту», – выказаў меркаванне кіраўнік краіны.

Ён распавёў, што сам у мінулым спрабаваў займацца цяжкай атлетыкай, але пакінуў гэтую спартовую дысцыпліну.

«Шчыра кажучы, гэта не мой від спорту», – прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

За прафесійнае майстэрства, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку спартоўцаў высокага класа, значныя спартовыя дасягненні Лукашэнка ўзнагародзіў медалём «За працоўныя заслугі» старшага трэнера-выкладчыка па цяжкай атлетыцы рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» Валерыя Сізенка. Дыплом аб прысваенні звання «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка ўручыў цяжкаатлетцы Дар’і Навумавай. Падзяка абʼяўлена сябрам нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы за паспяховы выступ на чэмпіянаце Еўропы – галоўным трэнерам Валянціну Кароткіну і Віктару Шаршукову, а таксама спартоўцам-інструктарам Генадзю Лапцеву і Яўгену Ціханцаву.

СК belsat.eu

Стужка навінаў